22 верасня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў "Анімаёўка" 28-ы раз пройдзе ў Магілёве з 24 па 26 верасня. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі на Магілёўскім абласным вытворчым унітарным прадпрыемстве "Кінавідэапракат".
Традыцыйна збіраючы аматараў анімацыі з усяго свету, на гэты раз фэст б'е рэкорды: 78 краін-удзельніц і 715 пададзеных заявак. Свае работы даслалі аўтары з Беларусі, Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Германіі, Кітая, Расіі, ЗША, Францыі, Японіі і іншых краін. У гэтым годзе да ўдзелу далучыліся 12 новых краін: Ангола, Бангладэш, Бахрэйн, Бенін, Гандурас, Іарданія, Камерун, Манголія, Пакістан, Панама, Туніс, Шры-Ланка. Гэта сведчанне ўсё большай цікавасці да мастацтва анімацыі і міжнароднага прызнання фестывалю.
Урачыстае адкрыццё творчага форуму пройдзе 24 верасня ў 14.00 у кінатэатры "Радзіма". У дні фестывалю гледачоў чакаюць паказы конкурсных праграм, творчыя сустрэчы і разнастайныя майстар-класы.
Цырымонія закрыцця фестывалю адбудзецца 26 верасня. Пасля заканчэння агляду лепшыя фільмы можна будзе ўбачыць у кінатэатрах Беларусі і іншых краін у рамках спецыяльнага праекта "Рэха "Анімаёўкі".