Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

10 Чэр 2015

Больш як 70 экспанатаў прадставіць выстаўка "Дух рэлігійнай традыцыі і друкаваная ікона" ў Мінску

10 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш як 70 экспанатаў прадставіць выстаўка "Дух рэлігійнай традыцыі і друкаваная ікона" ў Мінску, якая пачне працаваць з 11 чэрвеня. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі арганізатары праекта ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Экспазіцыя прадэманструе дзве асобныя калекцыі старадаўніх каляровых друкаваных ікон як цэласную мастацкую з'яву, якая існавала на тэрыторыях з магутнымі этнічнымі, канфесійнымі і гістарычнымі сувязямі. Экспанаты прадстаўлены з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту і Музея земляробства імя ксяндза К.Клюка (г.Цехановец, Польшча). Яны надрукаваны ў канцы XIX - пачатку XX стагоддзя ў еўрапейскіх друкарнях у складанай, вельмі працаёмкай тэхніцы хромалітаграфіі. Менавіта гэты спосаб друку дае магчымасць перадаваць усе колеры арыгіналу і выдаваць якасныя друкаваныя рэлігійныя абразы вялікім тыражом. Вынік атрымліваўся такі, што і сёння людзі захапляюцца прыгажосцю старадаўняй каляровай іконы.

Сярод праваслаўных ікон, размешчаных у экспазіцыі, вылучаюцца высокамастацкія хромалітаграфіі адэскага выдаўца Яфіма Фясенкі, які атрымаў першы прыз на Сусветнай міланскай выстаўцы за прадстаўленыя творы, і хромалітаграфіі Івана Сыціна. Самая рэдкая і незвычайная з каталіцкіх ікон - "Божая Маці Чанстахоўская". Арыгінальнасць яе ў тым, што пры змене ракурсу нечакана перад чалавекам адкрываюцца тры выявы: Антонія Падуанскага, Анёла-ахоўніка, Божай Маці. Такія абразы "з сакрэтам" упершыню з'явіліся ў ХVIII стагоддзі, багатым на розныя тэатральныя эфекты і трансфармацыі.

Музейныя калекцыі старадаўніх каляровых друкаваных ікон дапоўніць выстаўка кніг з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Наведвальнікі ўбачаць рэпрынтныя выданні беларускіх старадрукаваных кніг XVI - XVIII стагоддзяў з чорна-белымі і каляровымі выявамі і арыгіналы ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя, выданні па гісторыі друку, энцыклапедыі тэхнічных прыстасаванняў для хромалітаграфіі, каталогі друкаваных абразоў буйнейшых прыватных выдавецтваў.

Выстаўка будзе працаваць да 27 жніўня.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі