6 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Бязвізавы рэжым для турыстаў плануецца ўвесці на Аўгустоўскім канале. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам міністр спорту і турызму Беларусі Аляксандр Шамко на міжнародным кірмашы турысцкіх паслуг "Адпачынак-2016", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Каб прыцягнуць турыстаў з Еўрасаюза, мы ўжо зрабілі бязвізавы ўезд на тры дні ў Белавежскую пушчу. Тое ж самае плануем зрабіць на Аўгустоўскім канале", - сказаў Аляксандр Шамко. Адпаведная прапанова знаходзіцца на разглядзе ва ўрадзе.
Міністр спорту і турызму лічыць, што турыстычны прадукт, які прапануе сёння Аўгустоўскі канал, адпавядае патрабаванням, што прад'яўляюцца да такіх курортаў у свеце. "У нас ёсць добры патэнцыял, трэба толькі дабавіць у плане арганізацыйных момантаў. У цэлым тут ужо створана неабходная інфраструктура - ад велатурызму да байдарак і пешых маршрутаў", - лічыць ён. Аляксандр Шамко звярнуў увагу, што рашэнне аб бязвізавым наведванні Аўгустоўскага канала прынясе эканамічны эфект. "Увядзенне бязвізавага рэжыму на Аўгустоўскім канале ўпісваецца ў тыя задачы, якія трэба сёння вырашаць турыстычнай галіне. Змякчэнне візавых патрабаванняў, безумоўна, будзе садзейнічаць развіццю турыстычных патокаў", - сказаў міністр спорту і турызму.
Міжнародны кірмаш турысцкіх паслуг "Адпачынак-2016" праходзіць у Мінску з 6 па 9 красавіка. Прадстаўлена больш як 150 экспанентаў з Беларусі, Расіі, Літвы, Балгарыі, Славакіі, Польшчы, Грузіі, Украіны, Турцыі, Грэцыі, Сербіі, Кубы. Тэматыка выстаўкі - падарожжы (сезонны адпачынак, дзіцячы адпачынак, круізы), экскурсійныя праграмы, транспартныя паслугі, страхаванне ў турызме, санаторыі, пансіянаты, гасцінічны сэрвіс і інш. У час кірмашу пройдзе больш як 30 тэматычных мерапрыемстваў.