Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

5 Врс 2019

Беспілотнікі, суперкамп'ютары і электратранспарт - Румас азнаёміўся з новымі распрацоўкамі НАН

Беспілотнікі, суперкамп'ютары і электратранспарт - Румас азнаёміўся з новымі распрацоўкамі НАН

5 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас 5 верасня наведаў Нацыянальную акадэмію навук і азнаёміўся з новымі распрацоўкамі беларускіх вучоных, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

19 вядучых арганізацый НАН прадставілі каля 100 новых навукова-тэхнічных і інавацыйных распрацовак і тэхналогій. Аб'яднаны інстытут машынабудавання НАН прадэманстраваў эксперыментальны ўзор электрамабіля Geely SC7, які прызначаны для выкарыстання ў якасці ўнутрыгарадскога індывідуальнага транспарту, аўтамабіляў службаў таксі і каршэрынгу.

Максімальны прабег - 100 км, але пастаўлена задача павялічыць гэту лічбу да 500 км. Прэм'ер-міністру таксама паказалі эксперыментальны ўзор камерцыйнага электрамабіля (базавы машынакамплект - Joylong EF5), які прызначаны для выкарыстання ў якасці службовага транспарту і аўтамабіляў службаў таксі і можа перавозіць пяць-сем пасажыраў на адлегласць да 300 км. У яго ёсць сістэма хуткай зарадкі. Паводле слоў вучоных, мінівэн акупляе сябе за тры гады эксплуатацыі. Кампанентная база сілавой устаноўкі электрамабіляў распрацавана і выраблена ў Беларусі. Цяпер спецыялісты Інстытута займаюцца распрацоўкай грузавога электрамабіля.

Сяргей Румас даручыў падлічыць эканамічны складнік выкарыстання беларускіх электрамабіляў і параўнаць з затратамі па эксплуатацыі стандартнага аўтамабіля. "Вядома, мы зацікаўлены, каб было больш вытворчасцей і ўстройстваў, якія спажываюць значную колькасць электраэнергіі, але гэта не самамэта, галоўнае - эканамічная мэтазгоднасць усяго працэсу", - падкрэсліў ён.

Прэм'ер-міністру паказалі лінейку малога беларускага электратранспарту - электравеласіпеды, электраскутары, электраматацыклы. Плануецца ў перспектыве наладзіць сістэму іх пракату ў Батанічным садзе і на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях. Вучоныя таксама прэзентавалі малагабарытную камунальную машыну, прызначаную для механізаванага змятання і прыбірання смецця ўнутры дваровых тэрыторый, ачысткі тратуараў і праездаў ад снегу і размеркавання цвёрдых процігалалёдных матэрыялаў.

НПЦ шматфункцыянальных беспілотных комплексаў НАН распрацаваў шэраг беспілотнікаў тыпу "Буравеснік", "Бусел М40" і "Бусел М50", а таксама беспілотны лятальны апарат на базе дырыжабля. Яны прызначаны для відэаманіторынгу мясцовасці, суправаджэння аб'ектаў з магчымасцю вызначэння іх каардынат і перадачы па радыёканале атрыманай відэаінфармацыі на наземны пункт кіравання і іншым спажыўцам. Прэм'ер-міністру расказалі , што, акрамя распрацовак для МНС, НПЦ працуе таксама над праектамі для Міністэрства абароны - ударнымі дронамі. У планах таксама распрацоўка беспілотнікаў, якія могуць праводзіць рэгістрацыю і ацэнку ўсыхання лясоў, ацэнку цепластраты.

Аб'яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН прадэманстраваў эксперыментальны ўзор офіснага суперкамп'ютара са спецыяльным праграмным забеспячэннем, а таксама сістэму дыстанцыйнага маніторынгу стану сельскагаспадарчых культур у маштабе асобнай гаспадаркі. Спецыялісты УП "Геаінфармацыйныя сістэмы" НАН расказалі аб ствараемым расійска-беларускім касмічным апараце высокага распазнавання, які прызначаны для збору касмічнай інфармацыі аб зямной паверхні ў бачным і блізкім інфрачырвоным дыяпазонах спектра, а таксама відэаінфармацыі для вырашэння дзяржаўных і камерцыйных задач.

Сяргей Румас таксама азнаёміўся з распрацоўкамі НПЦ НАН па механізацыі сельскай гаспадаркі. Сярод рэзультатаў работы вучоных цэнтра - абгортвальнік стужак лёну, паўпрычапная транспартна-тэхналагічная сістэма на ўніфікаваным трохвосным шасі грузападымальнасцю 25 т для ўнясення цвёрдых арганічных угнаенняў, паўрадны ягадаўборачны камбайн для збору ягад парэчкі, ароніі, агрэста, шыпшыны.

Вучоныя Інстытута фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАН Беларусі расказалі аб сваіх унікальных распрацоўках, у ліку якіх генератар паветранага плазменнага струменя для стэрылізацыі і паскарэння загойвання ран. Быў таксама прэзентаваны тэрагерцавы спектраметрычны комплекс для бескантактнага аналізу прадуктаў харчавання і выяўлення фальсіфікаванай прадукцыі, лекавых прэпаратаў, небяспечных рэчываў і зброі.

У НАН Беларусі створаны навукова-практычныя цэнтры, лабараторыі і саветы ў розных галінах навуковай дзейнасці, у тым ліку сумесныя з вядучымі вытворцамі (БелАЗ, МАЗ, МТЗ, ММЗ, "Інтэграл"). Сфарміравана сістэма больш як з 70 міждысцыплінарных навукова-даследчых лабараторый і цэнтраў перспектыўных навуковых даследаванняў. Створаны і функцыянуюць вытворчасці V-VI тэхналагічных укладаў, рэалізуюцца сістэмныя праекты, якія забяспечваюць развіццё традыцыйных і прынцыпова новых для Беларусі сектараў і відаў дзейнасці. Выбудаваны завершаны ланцужок - ад ідэі і фундаментальных даследаванняў да практычных распрацовак, стварэння эксперыментальнай або доследнай вытворчасці і продажу гатовай інавацыйнай прадукцыі.

На гэты час у 111 арганізацыях і апараце НАН Беларусі працуюць больш за 15 тыс. чалавек. Агульны аб'ём работ, выкананых арганізацыямі НАН за 2018 год, склаў Br682,9 млн (109,2 працэнта да 2017 года), за студзень - чэрвень 2019-га - Br308,2 млн (111,9 працэнта да першага паўгоддзя 2018 года).

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі