14 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія спецыялісты распрацоўваюць нацыянальнае дасье "Стравы з дранай бульбы: традыцыі гатавання і спажывання ў Беларусі" для намінацыі ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Аб гэтым паведаміла начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ірына Дашчынская ў час прэс-канферэнцыі "Культурная спадчына Беларусі: захаванне і папулярызацыя гістарычных аб'ектаў, нацыянальных традыцый і звычаяў" у прэс-цэнтры БЕЛТА.
"Беларускія спецыялісты распрацоўваюць нацыянальнае дасье "Стравы з дранай бульбы: традыцыі прыгатавання і спажывання ў Беларусі", - сказала Ірына Дашчынская.
Паводле яе слоў, сёння Беларусь прадстаўлена ў спісах ЮНЕСКА чатырма матэрыяльнымі аб'ектамі і сямю нематэрыяльнымі. У Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ўключана Белавежская пушча, замкавы комплекс "Мір", архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы і геадэзічная Дуга Струвэ. У спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ўключаны святочны калядны абрад "Калядныя цары" (вёска Семежава Капыльскага раёна), "Урачыстасць у гонар ушаноўвання абраза Маці Божай Будслаўскай" (Будслаўскі фэст, аг.Будслаў Мядзельскага раёна), веснавы абрад "Юраўскі карагод" (вёска Пагост Жыткавіцкага раёна), "Культура ляснога бортніцтва", "Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні", "Выцінанка - традыцыйнае мастацтва выразання з паперы ў Беларусі", "Неглюбская тэкстыльная традыцыя".
"Наяўнасць аб'ектаў у Спісе сусветнай спадчыны павышае прэстыж, робіць гэтыя аб'екты і саму дзяржаву больш вядомымі, прывабнымі для турыстаў", - падкрэсліла Ірына Дашчынская, дадаўшы, што ахова гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны з'яўляецца абавязковай умовай устойлівага развіцця дзяржавы, умацавання яе прэстыжу ў міжнароднай супольнасці.
Акрамя таго, для папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры ў 2020 годзе стварыла пошукавы сайт "Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь". Там любы карыстальнік можа хутка знаходзіць інфармацыю аб гісторыка-культурных каштоўнасцях, у тым ліку праз мабільны дадатак. Актуальнай тэкставай і графічнай інфармацыяй напаўняецца і дзяржаўны інфармацыйны рэсурс "Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне".

"На гэты дзень у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі ўключана 5690 аб'ектаў і элементаў. Мінулае народа ўвасоблена ў шматлікіх матэрыяльных і нематэрыяльных сведчаннях яго гістарычнага шляху: помніках археалогіі, архітэктуры, горадабудаўніцтва, гісторыі мастацтва, элементах традыцыйнай культуры. Старажытныя гарадзішчы, гістарычныя цэнтры гарадоў, замкі і храмы, шматлікія абеліскі з'яўляюцца доказамі нашай шматтысячагадовай гісторыі, якая адлюстроўвае ўстанаўленне беларускай дзяржавы. А без традыцый, звычаяў, абрадаў і народных рамёстваў, якія ідуць каранямі з часу з'яўлення першых славян на тэрыторыі Беларусі, даволі цяжка ўявіць сабе вобраз беларускай культуры і аснову нацыянальнай ідэнтычнасці", - адзначыла Ірына Дашчынская.
Паводле яе слоў, ва ўсім свеце вядомы выдатныя славутасці і традыцыі Беларусі, якія аказалі ўплыў на развіццё айчыннай і сусветнай культуры.
"Музей-запаведнік "Нясвіж" у красавіку 2025 года адкрыў свае дзверы з выставачным праектам "Аб'екты сусветнай спадчыны ЮНЕСКА", прымеркаваным да 20-годдзя ўключэння Нясвіжскага замка і 25-годдзя ўключэння Казанскага крамля ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. А 15 мая ў Парыжы адбылася ўрачыстая прэзентацыя сумеснай беларуска-расійскай намінацыі "Мемарыялы героям Вялікай Айчыннай вайны: Брэсцкая крэпасць і Мамаеў курган" на ўключэнне ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Мерапрыемства арганізавана Пастаянным прадстаўніцтвам Беларусі пры ЮНЕСКА і Пастаянным прадстаўніцтвам Расіі пры ЮНЕСКА і прымеркавана да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне", - дадала начальнік па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры.
У Беларусі таксама праходзяць міжнародныя навуковыя форумы і канферэнцыі, дзе абмяркоўваюцца сучасныя даследаванні вучоных і спецыялістаў у галіне вывучэння, захавання і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны. Акрамя таго, апошнія два з палавінай дзесяцігоддзі Беларусь актыўна займаецца аднаўленнем архітэктурнай спадчыны. На яе падтрыманне і захаванне накіроўваюцца каласальныя рэсурсы. Праведзена вялікая работа па рэстаўрацыі і аднаўленні соцень аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, што дае магчымасць павялічваць турыстычны абарот і развіваць турызм у рэгіёнах.