Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

7 Sep 2015

"Беларускія дажынкі ў Італіі" адкрыюць праграму Нацыянальнага дня Беларусі на "ЭКСПА-2015" у Мілане

7 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Беларускія дажынкі ў Італіі" адкрыюць праграму Нацыянальнага дня Беларусі на "ЭКСПА-2015" у італьянскім Мілане, які пройдзе 9 верасня. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў дырэкцыі нацыянальнага павільёна Беларусі на "ЭКСПА-2015".

Тэрміны правядзення Нацыянальнага дня Беларусі на выстаўцы ў верасні супадаюць з завяршэннем уборачнай кампаніі і святкаваннем "Дажынак". Улічваючы дэвіз выстаўкі "Накарміць планету. Энергія для жыцця" і пажаданні яе арганізатараў аб максімальным прадстаўленні ў культурнай праграме народнай музыкі, свят і абрадаў, звязаных з земляробчым цыклам, цырымоніяй адкрыцця Нацыянальнага дня Беларусі стане святочная праграма "Беларускія дажынкі ў Італіі".

Як чакаецца, адкрыццё дня Беларусі ў "ЭКСПА-Цэнтры" наведаюць у тым ліку беларуская ўрадавая дэлегацыя і генеральны камісар выстаўкі. У гонар дня Беларусі будзе запушчана "Кола жыцця" - сімвал вечнага руху прыроды і лёсу. На сцэне "ЭКСПА-Цэнтра" артысты харэаграфічнага ансамбля "Харошкі" выканаюць беларускія народныя песні і станцуюць гарачую "Лявоніху". Свята не абыдзецца без традыцыйнага каравая з мукі новага ўраджаю, для гасцей падрыхтаваны і іншыя сюрпрызы.

Акрамя таго, на 9 верасня запланаваны бізнес-сустрэчы і панэльная дыскусія "Беларусь: еўрапейскі партнёр - еўразійскі рынак" на Міланскай фондавай біржы. На працягу гэтага дня на "ЭКСПА" будзе працаваць выстаўка-дэгустацыя прадуктаў харчавання беларускай вытворчасці і страў нацыянальнай беларускай кухні. Завершыцца дзень гала-канцэртам "Запрашае Беларусь".

Паводле інфармацыі дырэкцыі нацыянальнага павільёна, беларускі павільён на "ЭКСПА-2015", які займае плошчу больш за 1 тыс. кв.м, уваходзіць у дзясятку самых запамінальных сярод 54 нацыянальных павільёнаў у Мілане і з'яўляецца адным з самых наведваемых.

"ЭКСПА", або Сусветная выстаўка, уяўляе сабой маштабнае міжнароднае мерапрыемства, дзе кожная краіна-ўдзельніца знаёміць наведвальнікаў са сваімі эканомікай, навукай, ладам жыцця, традыцыямі, культурай, турыстычнымі магчымасцямі, дасягненнямі. Упершыню яна прайшла ў 1851 годзе, з таго часу стала рэгулярна праводзіцца ў розных краінах свету.

"ЭКСПА-2015" у Мілане працуе з 1 мая па 31 кастрычніка, удзел у ёй прымаюць 145 краін, асобныя экспазіцыі прадстаўляюць буйныя кампаніі і няўрадавыя арганізацыі. Для выставачных павільёнаў адведзена тэрыторыя плошчай больш за 1,7 млн кв.м на паўночным захадзе Мілана.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі