Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

11 Снж 2017

Беларускаму вучонаму-філолагу Івану Саверчанку ўручана прэмія "Зоркі Садружнасці"

11 снежня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Беларускаму вучонаму-філолагу, дырэктару Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук, члену прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі, доктару філалагічных навук, прафесару Івану Саверчанку ўручана прэмія "Зоркі Садружнасці". Урачыстая цырымонія адбылася сёння ў Маскве на XII Форуме творчай і навуковай інтэлігенцыі СНД, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Узнагароды лаўрэатам прэміі ўручыла віцэ-прэм'ер Расіі Вольга Галадзец.

Іван Саверчанка ўдастоены ўзнагароды за шматлікія гістарычныя аповесці і эсэ пра вядомых асоб мінулага Беларусі. Яго кнігі шырока выкарыстоўваюцца ў адукацыйнай практыцы для навучання студэнтаў краін СНД. Ён аўтар 114 навуковых публікацый па праблемах філалогіі, гісторыі і філасофіі, у тым ліку васьмі манаграфій, падрыхтаваў сем выданняў помнікаў беларускага пісьменства і славеснасці ад Х да першай палавіны ХХ стагоддзя, якія ўпершыню сабраны разам і адаптаваны для рускамоўнага чытача.

Лаўрэатамі прэміі бягучага года сталі таксама прадстаўнікі яшчэ сямі краін СНД. У іх ліку - народны мастак Азербайджана Халілаў Фархад Гурбан аглы, армянскі кампазітар Тыгран Мансуран, намеснік дырэктара тэатра оперы і балета "Астана Опера" Талеўбек Альпіеў, старшыня аддзялення фізіка-тэхнічных, матэматычных і горна-геалагічных навук Нацыянальнай акадэміі навук Кыргызстана Алтай Барубаеў, народны артыст СССР малдаўскі кампазітар Яўген Дога, народны артыст СССР расійскі балетмайстар Юрый Грыгаровіч і народны артыст Таджыкістана Машраб Ібадуло Рахмон.

Прэмія "Зоркі Садружнасці", заснаваная Саветам па гуманітарным супрацоўніцтве дзяржаў СНД і Міждзяржаўным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД, прасуджаецца штогод за найбольш значныя поспехі ў сферы гуманітарнай дзейнасці, якія адпавядаюць узроўню сусветных дасягненняў і садзейнічаюць развіццю як кожнай з краін - удзельніц СНД, так і Садружнасці ў цэлым. Прэмія ўручаецца па трох намінацыях: за дасягненні ў галіне навукі і адукацыі, культуры і мастацтва, а таксама ў гуманітарнай дзейнасці. Яна складаецца з грашовай узнагароды ў памеры 2 млн расійскіх рублёў, дыплома, ганаровага знака лаўрэата і пасведчання да яго. У кожнай з трох намінацый прысуджаецца да трох прэмій.

Прэмія "Зоркі Садружнасці" ўпершыню была ўручана ў 2010 годзе. Тады ў ліку яе лаўрэатаў апынуўся калектыў навуковых супрацоўнікаў Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 2011 годзе прэміяй былі адзначаны старшыня Беларускага саюза кампазітараў Ігар Лучанок і супрацоўнікі Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра "Зубраня". У 2012 годзе лаўрэатам стаў мастацкі кіраўнік ансамбля "Сябры" Анатоль Ярмоленка. У 2013 годзе ўзнагароду атрымаў пісьменнік Мікалай Чаргінец, у 2014-м - дырэктар, галоўны рэдактар выдавецкага дома "Звязда" Аляксандр Карлюкевіч і першы намеснік дырэктара гэтага выдавецкага дома, галоўны рэдактар часопіса "Нёман" Аляксандр Бадак, у 2015-м - народны артыст СССР Расціслаў Янкоўскі. У мінулым годзе лаўрэатам прэміі стаў аўтарскі калектыў Цэнтральнага батанічнага саду Беларусі.

На XII Форум творчай і навуковай інтэлігенцыі СНД, які прадоўжыцца да 12 снежня, сабраліся прадстаўнікі Беларусі, Арменіі, Азербайджана, Казахстана, Малдовы, Таджыкістана, Туркменістана, Украіны і Расіі. Цэнтральная тэма мерапрыемства - роля гуманітарнага супрацоўніцтва ва ўмацаванні і падтрымцы сямейных каштоўнасцей і традыцый у СНД. У профільных секцыях будуць разгледжаны розныя аспекты прафесійнага ўзаемадзеяння: супрацоўніцтва ў галіне адукацыі і маладзёжнай палітыкі, а таксама падрыхтоўка да маючага адбыцца ў СНД Года культуры. На форуме будзе прадстаўлена культурная сталіца СНД 2018 года - армянскі горад Гарыс.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі