9 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Францыі прагучаў Дзяржаўны гімн Беларусі ў час памятнай цырымоніі, прысвечанай вызваленню горада Ціль ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Аб гэтым БЕЛТА паведамляе са спасылкай на прэс-службу беларускага Міністэрства замежных спраў.
Часовы павераны ў справах Беларусі ў Францыі Кірыл Грушэўскі па запрашэнні французскага боку прыняў удзел у памятных мерапрыемствах каля Крыпты ахвяр канцэнтрацыйнага лагера, які ў гады вайны дзейнічаў побач з Цілем, і ўсклаў кветкі каля ўвахода ў шахту, дзе працавалі ваеннапалонныя, многія з якіх загінулі ў час абвалу ў шахце.
Сярод вязняў лагера былі сотні савецкіх жанчын. Многія загінулі пад заваламі, але тым, хто выжаў, удалося ўцячы і стварыць адзіны ў французскім Супраціўленні ўнікальны жаночы партызанскі атрад "Радзіма".