Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

18 Чэр 2018

Беларускі фільм "Тум-Пабі-Дум" удастоены спецпрыза журы кінафестывалю ШАС

18 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі фільм "Тум-Пабі-Дум" удастоены спецпрыза журы кінафестывалю краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела маркетынгу, рэалізацыі і рэкламы Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Юрый Ігруша.

Фільм рэжысёра Вячаслава Нікіфарава "Тум-Пабі-Дум" і яшчэ 4 работы беларускіх кінематаграфістаў ("Рыжык у Залюстроўі" Алены Туравай, "Сляды на вадзе" рэжысёра Аляксандра Анісімава, "Масакра" Андрэя Кудзіненкі і "Салодкае развітанне Веры" Аляксандры Бутар) глядач прыняў з вялікай цікавасцю. Спецыяльнымі ўзнагародамі журы фестывалю акрамя карціны "Тум-Пабі-Дум" адзначаны таксама фільм "Паветраны Сафар" (Таджыкістан), работа з Ірана "Русалка", рамантычная камедыя "Пенджаб Нахі Яунгі" (Пакістан) і ўзбекская стужка "Дарога пад нябёсамі".

"Тум-Пабі-Дум" - добрая і цёплая стужка для сямейнага прагляду выйшла ў 2017 годзе. Па сюжэце выхаванец дзіцячага дома Санёк (Арцём Венгяровіч) вырашае знайсці бацькоў для сябе і сваёй падапечнай Алесі (Даша Кірэева). Хлопчык вымушаны іграць па дарослых законах, што ў выніку ставіць яго перад сур'ёзным маральным выбарам. У ролях - Валерыя Арланава, Павел Харланчук, Сяргей Чакярэс, Вольга Клебановіч, Аляксей Шадзько.

На фестывалі ШАС таксама дасягнута пагадненне "Беларусьфільма" з адной з вядучых карпарацый у Кітаі China Film Group Corporation аб імпарце, распаўсюджванні і папулярызацыі беларускага фільма "Тум-Пабі-Дум" на ўсёй тэрыторыі КНР.

Галоўная ўзнагарода першага кінафестывалю ШАС, які прайшоў 13-17 чэрвеня ў Новым раёне Сіхаянь у Цындаа, прыз "Залатая чайка" ўручаны ў намінацыі за лепшы фільм кітайскай кінастужцы "Уваход у Забаронены горад" і афганскай карціне "Міна ідзе".

Фестываль стаў буйным культурным мерапрыемствам: за пяць дзён у Цындаа было паказана 55 фільмаў, знятых за апошнія два гады 12 краінамі, іх паглядзелі амаль 50 тыс. гледачоў. Ён таксама накіраваны на пашырэнне міжнародных камунікацый у кінаіндустрыі. На кінафестывалі прайшоў форум кінасупрацоўніцтва краін ШАС, кінарынак, былі прадстаўлены праграмы трэнінгаў па кінавытворчасці і семінараў кінематаграфістаў краін ШАС, падпісаны пагадненні аб імпарце кінафільмаў і супрацоўніцтве ў галіне кінематографа, раскрыты новыя перспектывы для кінематаграфічнага абмену і супрацоўніцтва краін ШАС.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі