26 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі плывец Ягор Шчалканаў стаў пераможцам чэмпіянату свету па плаванні сярод спартсменаў з абмежаванымі магчымасцямі, які праходзіць у Сінгапуры, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Наш спартсмен стаў лепшым у свеце на дыстанцыі 100 м на спіне ў класе S9 (сярод атлетаў са значнай слабасцю адной нагі). Золата ў фінале Шчалканаву прынёс рэзультат 1 мін. 00,95 сек., сярэбранага прызёра расіяніна Багдана Мазгавога Ягор апярэдзіў на 0,35 секунды. Тройку замкнуў француз Уго Дзідзье. Год таму на Паралімпійскіх гульнях у Парыжы Шчалканаў атрымаў перамогу ў гэтым жа відзе праграмы.
Таксама 26 верасня беларус Яўген Кавалёнак (S13) заняў восьмае месца на дыстанцыі 400 м вольным сталем. За дзень да заканчэння планетарнага форуму ў Сінгапуры ў актыве беларускай каманды чатыры медалі (1-2-1). Раней сярэбранымі прызёрамі турніру сталі Дзмітрый Салей і Максім Вашкевіч, бронзу заваявала Настасся Зудзілава. 27 верасня на чэмпіянаце свету па параплаванні адбудуцца 23 фіналы.