Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

1 Oct 2018

Беларусь адправіла афіцыйную заяўку на вылучэнне фільма "Хрусталь" на "Оскар"

Беларусь адправіла афіцыйную заяўку на вылучэнне фільма

1 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Заяўка на вылучэнне фільма рэжысёра Дар'і Жук на саісканне кінапрэміі "Оскар" адпраўлена. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў прадзюсар карціны Валерый Дзмітрачэнка.

Беларускі оскараўскі камітэт прыняў рашэнне аб вылучэнні фільма "Хрусталь" на "Оскар". Карціна поўнасцю адпавядае крытэрыям Амерыканскай кінаакадэміі кінематаграфічных мастацтваў і навук. Заяўка адпраўлена, праінфармаваў Валерый Дзмітрачэнка.

"Хрусталь" вылучаны ў катэгорыі "Лепшы фільм на замежнай мове".

У склад беларускага оскараўскага камітэта ўваходзяць сем чалавек: мастацкі кіраўнік кінастудыі "Беларусьфільм" Ігар Поршнеў, генеральны дырэктар кінастудыі "Беларусьфільм" Уладзімір Карачэўскі, начальнік аддзела маркетынгу, рэалізацыі і рэкламы кінастудыі "Беларусьфільм" Юрый Ігруша, праграмны дырэктар ММКФ "Лiстапад" Ігар Сукманаў, рэжысёр-дакументаліст Віктар Аслюк, член Еўрапейскай кінаакадэміі, дырэктар кінатэатра "Піянер" Святлана Саўчык, прадзюсар Валерый Дзмітрачэнка.

Згодна з рэгламентам Амерыканскай кінаакадэміі, кожная краіна мае права намініраваць адзін фільм, выпушчаны ў перыяд з 1 кастрычніка папярэдняга года па 30 верасня бягучага і паказаны ў камерцыйным кінатэатры не менш за сем дзён запар. Афіцыйная заяўка ад Беларусі адпраўлена разам з пракатным пасведчаннем.

Дзеянне стужкі разгортваецца ў 1996 годзе, гісторыя навеяна юнацтвам самой Дар'і Жук. Дзяўчына-дыджэй, якая жыве ў Мінску, марыць пераехаць у Чыкага, каб стаць прафесіяналам. Пры афармленні дакументаў на візу яна дапускае памылку, з-за чаго ёй даводзіцца правесці тыдзень у маленькім завадскім гарадку, жыхары якога далёкія ад нонканфармісцкага свабоднага духу.

Здымкі фільма праходзілі ў Беларусі. У яго стварэнні прымалі ўдзел кінакампанія "Дэмарш-фільм", Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", кампаніі Unfound Content, Fusion Features, Vice Films (ЗША), а таксама нямецкія і расійскія прадзюсары.

Сусветная прэм'ера фільма адбылася ў чэрвені 2018 года на прэстыжным міжнародным кінафестывалі ў Карлавых Варах. У ліпені "Хрусталь" атрымаў Гран-пры на міжнародным кінафестывалі ў Адэсе, а ў жніўні быў удастоены двух прызоў у конкурсе "Капрадукцыя. Акно ў свет" на фестывалі расійскага кіно "Акно ў Еўропу" ў Выбаргу. У верасні карціна атрымала Гран-пры міжнароднага кінафестывалю ў Алматы - Almaty Film Festival. У Беларусі карціна выйшла ў пракат 30 жніўня.

Дар'я Жук нарадзілася ў Мінску ў сям'і журналістаў. У 16 гадоў выехала ў ЗША, скончыла Гарвардскі і Калумбійскі ўніверсітэты, працавала на канале HBO. Рэжысёр і прадзюсар многіх кароткаметражных карцін, сярод якіх фільм "Сапраўдная амерыканка", які прымаў удзел у фестывалях па ўсім свеце і атрымаў дыплом Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад-2015".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі