6 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вызначаны пераможцы і прызёры ў самым прэстыжным відзе праграмы 11-га Мінскага паўмарафону - на дыстанцыі 21 км 97 м, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Перамогу сярод мужчын з часам 1 гадзіна 4 мін. 23 сек. атрымаў Баай Маганга з Танзаніі. Другім фінішаваў расіянін Дзмітрый Сойка, тройку прызёраў замкнуў наш Уладзіслаў Прамаў. Лепшы рэзультат у дзяўчат паказала кенійка Хільда Кіптум (1:11:13), якая на долю секунды апярэдзіла суайчынніцу Сінтыю Касгеі. Бронза - у нашай Таццяны Шабанавай. Прамаў і Шабанава сталі чэмпіёнамі Беларусі ў паўмарафоне.

Баай Маганга

Хільда Кіптум
Бягуны стартавалі каля стадыёна "Дынама" на вуліцы Кірава, а фінішавалі на дарожцы галоўнай лёгкаатлетычнай арэны краіны. Маршрут дыстанцыі быў пракладзены па вул.Свярдлова, пр.Незалежнасці, вул.Леніна, пр.Пераможцаў і вул.Ульянаўскай. Спартсмены прабеглі міма Белдзяржцырка, манумента Перамогі, мінскай ратушы, Палаца спорту і стэлы "Мінск - горад-герой".
У 13.00 у сталіцы пачнецца забег на 5 км, а 14.00 стартуе фан-забег на 3 км, з трох да чатырох гадзін дня пройдуць сямейныя забегі на 1,5 км.
Усяго на 11-ы Мінскі паўмарафон заявіліся больш як 30 тыс. аматараў спорту з 40 краін.


