14 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аўтагоншчык каманды "МАЗ-СПОРТаўта" Аляксей Вішнеўскі стаў сёмым на шостым этапе "Шаўковага шляху", паведамілі БЕЛТА ў мазаўскай камандзе.
Шосты спецучастак даўжынёй 388 км уключаў у сябе ў асноўным гравійныя і камяністыя адрэзкі. Сама траса была нескладаная, многія грузавыя экіпажы праехалі яе на высокай скорасці. Цяжкасці стваралі толькі шматлікія пасткі, іх маглі не заўважыць пілоты і штурманы на трасе.
Сярод беларусаў лепшы рэзультат паказаў 25-гадовы Аляксей Вішнеўскі, вядомы не толькі як мазаўскі гоншчык, але і як трохразовы чэмпіён Беларусі па дрыфтынгу. Ён праехаў спецучастак сёмым за 3 гадзіны 50 хвілін. Ад пераможцы заезду расіяніна Эдуарда Нікалаева беларускі экіпаж адстаў больш як на 11 хвілін. У агульным заліку ён займае 11-е месца і прайграе лідару гонкі Дзмітрыю Сотнікаву з "КАМАЗ-Майстар" 7 гадзін 19 хвілін.
На высокай скорасці пераадолеў шосты этап Сяргей Вязовіч, спаборнічаючы з Эдуардам Нікалаевым за першае месца (розніца паміж экіпажамі была 2 секунды). Аднак бліжэй да фіналу ў МАЗа пачаліся праблемы з электраправодкай - ад генератара адарваўся провад. На ўстараненне няспраўнасці спатрэбілася амаль гадзіна, ліквідаваць адставанне беларусам ужо не ўдалося. У выніку МАЗ Вязовіча паказаў 10-ы час этапу - 4 гадзіны 34 хвіліны, адставанне ад пераможцы склала 56 хвілін. У генеральнай класіфікацыі экіпаж знаходзіўся на сёмым месцы, прайграючы лідару гонкі 4 гадзіны 33 хвіліны.
З вялікімі праблемамі на этапе сутыкнуўся МАЗ Аляксандра Васілеўскага, які сур'ёзна засеў у саланчаку. На працягу чатырох гадзін машыну спрабавалі выцягнуць, што ўдалося толькі з апошняй спробы. У выніку экіпаж завяршыў выступленне на 17-м месцы. У генеральнай класіфікацыі Аляксандр Васілеўскі замыкае дзясятку мацнейшых з адставаннем ад першага месца Дзмітрыя Сотнікава 6 гадзін 47 хвілін.
Сёмы этап уключае ў сябе не вельмі працяглы спецучастак - 106 км, ён пракладзены ў гарыстай мясцовасці і прывядзе да граніцы з Кітаем.
Ралі-рэйд "Шаўковы шлях-2017" праходзіць па тэрыторыях Расіі, Казахстана і Кітая. Завершыцца гонка 22 ліпеня ў кітайскім горадзе Сіянь. Працягласць дыстанцыі складае 9599 км, з якіх 4094 км прыпадаюць на спецучасткі. Еўразійскі марафон па ўзроўні складанасці не ўступае сусветна вядомаму "Дакару".