6 сакавіка, Мінск /Віталь Пятровіч - БЕЛТА/. Акрэдытаваныя госці і ўдзельнікі ЧС-2014 у Мінску будуць бясплатна карыстацца грамадскім транспартам. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў менеджар Дырэкцыі па правядзенні чэмпіянату свету па хакеі 2014 года Пётр Рабухін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Для афіцыйных удзельнікаў і гасцей чэмпіянату, у каго будзе акрэдытацыйны бэйдж, прадугледжаны бясплатны праезд у гарадскім грамадскім транспарце - у аўтобусах, тралейбусах, трамваях, метро і гарадскіх электрычках. У гэтым пытанні мінскія ўлады вырашылі пайсці насустрач афіцыйным гасцям турніру", - расказаў Пётр Рабухін.
Паводле яго слоў, напрыклад, у Швецыі ў час правядзення чэмпіянату свету па хакеі мінулага года плаціць за праезд у грамадскім транспарце давялося ўсім. Муніцыпалітэт горада не стаў рабіць ніякіх паблажак, і з-за высокай цаны за праезд гэта было для многіх істотнымі тратамі.
Вырашана пытанне з транспартам для афіцыйных дэлегацый. За кожнай камандай на чэмпіянаце свету па хакеі ў Мінску будзе замацаваны камандны аўтобус, легкавы аўтамабіль, а таксама грузавы - для перавозкі багажу. З аэрапорта да атэляў і з атэляў да спартыўных арэн каманды будуць пераязджаць у суправаджэнні службы бяспекі. Усе камандныя аўтобусы будуць выкананы ў фірменным стылі ЧС-2014. У такім жа стылі будзе аформлены і гарадскі транспарт.
Для ўсіх афіцыйных асоб транспарт прадаставіць генеральны спонсар чэмпіянату свету - кампанія Skoda. Аўтавытворца на час турніру перадасць у арэнду ў дырэкцыю па правядзенні ЧС 45 аўтамабіляў. Транспартам будзе забяспечаны таксама ўвесь судзейскі склад.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|