Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

21 Май 2015

Адзіная ў свеце шакаладная копія карціны Шагала выстаўлена ў Віцебску

21 мая, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Адзіная ў свеце шакаладная копія карціны Шагала "Закаханыя" выстаўлена ў Віцебску, стаўшы адным з многіх унікальных экспанатаў "Музея шакаладу", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Музей на днях адначыў наваселле, пераехаўшы ў цэнтр горада на адну з пешаходных турыстычных вуліц. Новае месца стала стымулам для абнаўлення экспазіцыі, і адно з ключавых месц сярод шакаладных шэдэўраў заняла копія карціны Марка Шагала "Закаханыя", напісаная да 100-годдзя з дня вяселля мастака і Бэлы Розенфельд. Арыгінал гэтай акварэлі захоўваецца ў адным з музеяў Іерусаліма.

"Спачатку я перагледзела шмат работ Шагала, праніклася яго творчасцю. І мне хацелася выбраць нерастыражаваную карціну. Я выбрала "Закаханых". Здзіўна: усяго некалькі ліній - і ўжо чытаецца каханне! Карціна мне так спадабалася, што я зрабіла шакаладную копію вельмі хутка - за 2 ці 3 дні", - расказала аўтар работы, мастачка, член Саюза дызайнераў Беларусі Таццяна Голубева.

У экспазіцыі музея прадстаўлены некалькі яе карцін у эксклюзіўнай і вельмі дарагой тэхніцы малявання шакаладам па шакаладзе з выкарыстаннем харчовых фарбавальнікаў. Пры гэтым толькі прыемны пах выдае паходжанне гэтых твораў - настолькі яны падобныя да маляўнічых палотнаў. Што цікава, з цягам часу карціны набываюць 3D эфект, становяцца нібы больш аб'ёмнымі. У новай зале, якая пакуль рыхтуецца да адкрыцця, таксама будуць выстаўлены больш "свежыя" работы Таццяны Голубевай і іншыя экспанаты, вырабленыя дырэктарам музея Любоўю Івановай і яе партнёрамі - Аляксандрам і Аленай Правілавымі.

Пакуль жа наведвальнікі музея могуць палюбавацца на статуэткі, маскі, манеткі, цацачныя танкі, малаточкі і іншыя інструменты, нават шакаладныя бутэрброды, якія выглядаюць як сапраўдныя. Уражвае ажурная карэта Папялушкі і, безумоўна, 35-кілаграмовы шакаладны манекен у вясельнай сукенцы. З асобнымі экспанатамі наведвальнікі могуць фатаграфавацца, а для арганізаваных груп уключаюць шакаладны фантан, з якога госці з задавальненнем зачэрпваюць салодкі пачастунак лыжкамі.

"Часам я арганізоўваю дэманстрацыі вырабу фігурак з шакаладу. Таксама мы плануем правядзенне розных майстар-класаў, напрыклад, хочам запрасіць касметолага, які раскажа аб тым, як з дапамогай шакаладу стаць прыгожай. Ёсць задумка стварэння яшчэ адной сукенкі - ужо на каркасе, каб у ёй можна было фатаграфавацца. І галоўным падарункам, які мы рыхтуем да ліпеня, стане адкрыццё новай экспазіцыі "Модны прыгавор у шакаладзе", на яго будзе запрошаны вядомы гісторык моды Аляксандр Васільеў", - падзялілася планамі Любоў Іванова.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі