Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

6 Ліп 2026

Ад яркіх юбілеяў да "International voice in Vitebsk". Галоўныя падзеі "Славянскага базару - 2017"

Ад яркіх юбілеяў да

6 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Да XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" застаецца 10 дзён. БЕЛТА прапануе акунуцца ў рэтраспектыву: штодзённа ў архіўных матэрыялах расказваем пра самыя яркія моманты мерапрыемства па гадах. Сёння - пра фестываль 2017 года.

XXVI "Славянскі базар" прайшоў з 13 па 17 ліпеня, дадатковыя мерапрыемствы адбыліся з 10 па 12 і 18-19 ліпеня.

Перад афіцыйным стартам фестывалю Летні амфітэатр стаў пляцоўкай для шэрага сольных і зборных канцэртаў. Заслужаная артыстка Расіі Зара выканала песні ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна, а на наступны дзень адбылося выступленне заслужанага артыста Расіі Рыгора Лепса. У дзень адкрыцця быў узняты фестывальны сцяг і сцягі 36 краін свету.

На Плошчы лаўрэатаў запалілася зорка народнай артысткі Грузіі і Расіі Тамары Гвердцытэлі, якая была ўдастоена спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення".

"Славянскі базар - 2017" запомніўся чарадой юбілейных праграм. У рамках Дзён Саюзнай дзяржавы выступіў ансамбль "Сябры", поўную залу амфітэатра сабраў і кампазітар Аляксандр Зацэпін, які прадставіў канцэрт "Ёсць толькі імгненне…" у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Група "Рукі ўверх!" таксама адзначыла на фестывалі сваё 20-годдзе. У канцэрце-прысвячэнні Аляксандру Ціхановічу "У дзень нараджэння артыста" прынялі ўдзел зоркі беларускай і замежнай эстрады.

Фінал XXVI Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск" праходзіў тры дні. У тым годзе Гран-пры не быў уручаны з-за аднолькавых балаў ва ўладальнікаў першай і другой прэмій. Па выніках дадатковага галасавання журы першую прэмію атрымаў выканаўца з Украіны, другую - беларус, які таксама быў удастоены спецыяльнай узнагароды імя Уладзіміра Мулявіна "За лепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы, высокае выканальніцкае майстэрства". Трэцяя прэмія адправілася ў Сербію, а спецыяльны прыз кіраўніка дзяржавы "Славянская надзея" дастаўся прадстаўніцы Харватыі.

XV Міжнародны дзіцячы музычны конкурс традыцыйна адбыўся ў канцэртнай зале "Віцебск", дзе ўладальніцай Гран-пры стала беларуская спявачка Марыя Магільная. Спецыяльнымі прызамі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі былі ўзнагароджаны Марыя Магільная і расіянка Кацярына Крэтава.

Гала-канцэрт "International voice in Vitebsk" сабраў на адной сцэне прадстаўнікоў каля дзясятка краін. Дэбютам на фестывалі стала выступленне ўдзельнікаў сатырычнага шоу "Аднойчы ў Расіі". Акрамя таго, у Летнім амфітэатры прайшоў канцэрт "Вітае Украіна". У рамках праекта "Фестываль без межаў", тэатральная сцэна прыняла канцэрт майстроў мастацтваў Ізраіля, а ў Віцебскай абласной філармоніі прайшоў канцэрт італьянскіх майстроў мастацтваў.

ІІІ фэст вулічнага мастацтва "На сямі вятрах" адкрыўся парадам - прэзентацыяй удзельнікаў. Былі прадстаўлены інтэрактыўныя праекты вулічных тэатраў, музыкантаў, лялечных тэатраў.

На "Славянскім базары - 2017" прэзентавалі праект "Фармат" Беларускага саюза мастакоў. "Тэатральныя сустрэчы" прапанавалі віцебскаму гледачу самыя разнастайныя праграмы: у канцэртнай зале "Віцебск" адбыліся паказы трох спектакляў, а ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа жадаючыя змаглі атрымаць задавальненне ад сямі пастановак на любы густ.

Урачыстае закрыццё XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" адбылося 17 ліпеня ў Летнім амфітэатры. Галоўнай падзеяй дня стаў гала-канцэрт, на якім выступілі хэдлайнеры, вядомыя выканаўцы і калектывы краін-удзельніц. Таксама адбылося ўзнагароджанне лаўрэатаў Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск" і ўладальнікаў спецыяльных прызоў.

Асноўныя мерапрыемствы XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдуць з 16 па 19 ліпеня, а першыя канцэрты адбудуцца ўжо 14 ліпеня.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі