Юбілейны, дзясяты па ліку Міжнародны маладзёжны тэатральны форум "М@rt.кантакт" адбыўся ў Магілёве. На працягу тыдня ў горадзе на Дняпры свае пастаноўкі прадстаўлялі вядучыя трупы з 10 краін-удзельніц: Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Эстоніі, Арменіі, Кіргізіі, Ізраіля і Германіі. Гледачы ўбачылі 19 спектакляў - ад прызнанай класікі да эксперыментальных і вулічных перформансаў. Упершыню на форуме замест прафесійнага журы ўзнагароды ўдзельнікам прысуджалі прадстаўнікі маладзёжнай творчай групы. Па выніках фестывалю былі названы пераможцы ў арыгінальных намінацыях - "Самы лепшы тэатральны комікс", "За шчасце", "За тонкую, чыстую і хрустальную рэжысуру", "За філіграннае шулерства", "За пошук адказаў". Гран-пры юбілейнага форуму атрымаў Цэнтр імя У.Меерхольда (Масква), які прадставіў спектакль паводле п'есы Кацярыны Васільевай "Аднойчы ўсе мы будзем шчаслівыя".