Чым вымяраецца духоўны патэнцыял нацыі і дзяржавы? Як у наш час захаваць і прымножыць гісторыка-культурную спадчыну Беларусі? Бадай, адным з галоўных адказаў на гэтыя пытанні стала заснаванне роўна 20 гадоў таму – у 1997-м – унікальнай, не маючай аналагаў у свеце прэміі "За духоўнае адраджэнне". Сярод яе лаўрэатаў – свяшчэннаслужыцелі, дзеячы культуры і мастацтва, журналістыкі, навукі, адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай абароны, а таксама аўтарскія і творчыя калектывы.
Урачыстая цырымонія – а яна па традыцыі праводзіцца ў светлыя калядныя дні – сабрала 9 студзеня ў Палацы Рэспублікі заслужаных людзей з усёй краіны, якія дзякуючы прафесіяналізму і добрасумленнай працы былі ўдастоены прэміі "За духоўнае адраджэнне", спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва, а таксама спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі "Беларускі спартыўны Алімп".
Вітаючы лаўрэатаў і гасцей, Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў: беларускаму народу дасталася вялікая духоўная спадчына, якая "ў прыкладзе праведнага жыцця беларускіх святых, у вялікіх тварэннях народжаных на нашай зямлі паэтаў, мастакоў, музыкантаў, дойлідаў". Кіраўнік дзяржавы заклікаў аб'яднаць намаганні ў імя ўмацавання маральных асноў грамадства, хрысціянскіх каштоўнасцей і традыцыйных сямейных устояў, а таксама захавання і прымнажэння культурнага здабытку Беларусі.
А далей была самая хвалюючая для лаўрэатаў частка цырымоніі – выхад на вялікую сцэну і атрыманне сваіх заслужаных, знакавых узнагарод перад вачыма тысяч гасцей у зале і гледачоў каля тэлеэкранаў. Па выніках 2017-га ў гісторыю знакамітай прэміі "За духоўнае адраджэнне" ўвайшлі 5 лаўрэатаў – "Беларускі саюз жанчын", калектывы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, настаяцель прыхода храма прападобнай Ефрасінні Полацкай у Івянцы протаіерэй Віктар Перагудаў і муфтый Мусульманскага рэлігійнага аб'яднання ў Рэспубліцы Беларусь Абу-Бекір Шабановіч.
Спецыяльных прэмій Прэзідэнта ўдастоены калектывы Белтэлерадыёкампаніі, Беларускай акадэміі мастацтваў, Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, "Мінскканцэрта", Беларускай акадэміі музыкі, выдавецкага цэнтра "Марка" РУП "Белпошта" і Акцябрскага раённага дома рамёстваў, Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, а таксама намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" Сяргей Егарэйчанка і вядомы мастак Валерый Славук.
Віншаванні ад першай асобы дзяржавы прымалі і ўладальнікі прэміі "Беларускі спартыўны Алімп" – галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па скачках на батуце Вольга Уласава, якая працавала ў тым ліку і з алімпійскім чэмпіёнам Рыа-2016 Уладзіславам Ганчаровым, знакаміты тэлевядучы, спартыўны каментатар, заслужаны дзеяч культуры Уладзімір Навіцкі і лёгкаатлетка майстар спорту Віялета Скварцова.
Хто яны – галоўныя асобы 2017 года? Яркія моманты з цырымоніі ўручэння і эмоцыі лаўрэатаў – у фотарэпартажы.