Адзін з буйнейшых гісторыка-культурных і духоўных цэнтраў сучаснай Беларусі, самы старажытны горад нашай краіны – Полацк – адзначае 1156-ы дзень нараджэння. Маштабныя ўрачыстасці і народныя гулянні (а гэта больш за 80 мерапрыемстваў!), прымеркаваныя да Дня горада і Года малой радзімы, ахапілі практычна трое сутак.
Яшчэ напярэдадні першага асенняга ўік-энду ў старажытным горадзе на Заходняй Дзвіне панавала дзіўная атмасфера: мясцовыя рамеснікі размясціліся ў "Горадзе майстроў" на цэнтральным праспекце Францыска Скарыны, а побач адкрыўся фестываль беларускай кухні, які здзіўляў гасцей стравамі, прыгатаванымі па аўтарскіх рэцэптах. А бліжэй да вечара горад абнавіўся і заззяў: тут адбыўся фестываль святла і светлавы велапрабег, а вуліцы ўпрыгожылі каля дзясятка інсталяцый, якія працавалі да паўночы.
Святочныя мерапрыемствы стартавалі 1 верасня на пляцоўцы каля помніка "Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці", падоранага гораду ў час святкавання яго 1155-годдзя. А ў гэтым годзе самай доўгачаканай падзеяй для палачан стала адкрыццё плошчы Францыска Скарыны, якую ўпрыгожыў фантан. У цырымоніі прыняла ўдзел ураджэнка горада – кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава, якая, дарэчы, на працягу сямі гадоў з'яўлялася мэрам суседняга Наваполацка.
На працягу трох дзён госці свята маглі зрабіць падарожжа ў мінулае старажытнага горада і ўбачыць яго ў розныя перыяды – ад Сярэдневякоўя да нашых дзён. Самыя знакавыя падзеі гісторыі аднавілі самі гараджане: больш за паўтары тысячы работнікаў буйнейшых прадпрыемстваў і арганізацый прынялі ўдзел у касцюміраваным шэсці "Полацк і палачане", якое прадоўжылі тэатральныя пастаноўкі – "Францыск Скарына", "Гісторыя Полацка вачыма маладых" і спектакль "Легенда аб Усяславе Полацкім".
Усяго ж у Дзень горада на розных пляцоўках Полацка разгарнуліся больш за 80 мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года малой радзімы. Тут кожны мог знайсці забаву даспадобы: акунуцца ў атмасферу XVI стагоддзя і пабываць на пасяджэнні Полацкага магістрата, наведаць літаратурны фестываль "Цэнтр Еўропы", навучыцца маляваць святлом, атрымаць асалоду ад канцэрта класічнай музыкі, прадэгуставаць стравы нацыянальнай і мясцовай кухні, нават пракаціцца на старадаўнім драккары па Заходняй Дзвіне…
Чым здзіўляў гасцей старажытны Полацк у 1156-ы дзень нараджэння – у святочным рэпартажы!