Прыгожая купальская традыцыя – плесці "прарочыя" вянкі з летніх кветак і з тайнымі пажаданнямі спускаць іх на ваду – яркая падзея знакамітага Рэспубліканскага свята паэзіі, песні і народных рамёстваў "З адною думкаю аб шчасці Беларусі…" Кожны ліпень, вось ужо больш як 40 гадоў, яно праходзіць у мемарыяльным запаведніку "Вязынка" – на радзіме аднаго з самых знакамітых беларускіх пісьменнікаў Янкі Купалы. Пясняр, які нарадзіўся на Купалле, менавіта ад гэтага таямнічага народнага свята ўзяў свой творчы псеўданім і праславіў яго талентам…
У гэтым годзе літаратурную праграму ўжо чацвёрты раз упрыгожыў "Кветкавы этнафестываль у Янкi Купалы", які аб'яднаў конкурс на лепшы вянок "Купальская Краса" і дзіцячы фларыстычны конкурс "Купальская Красачка". Госці свята з дапамогай прафесійных фларыстаў сплялі вялікі вянок і па традыцыі – з песнямі, вершамі і карагодамі – спусцілі яго на ваду рачулкі Вязынкі…