Святочныя фестывалі прымалі гасцей ва ўсіх раёнах сталіцы, а галоўныя гулянні разгарнуліся ў самым цэнтры каля Палаца спорту недалёка ад знакамітых гістарычных кварталаў Мінска - Верхняга горада і Траецкага прадмесця.
На кірмашы "Масленіца!" на працягу ўсяго дня выпякалі галоўныя сімвалы свята - бліны, якіх было больш як 50 відаў: пшанічныя з рознымі начынкамі, жытнія, з бульбы, буракоў, грэчкі...
Інтрыгуючай падзеяй стаў масленічны кулінарны конкурс, у ходзе якога 11 повараў рэстаранаў і кафэ Мінска спаборнічалі ў намінацыях на самы смачны, вялікі, пышны і арыгінальны блін.
Акрамя таго, у праграме свята былі вясёлыя забавы на беларускіх падворках, песні пад баян і гармонік, цікавыя гульні і конкурсы, узнагародай за ўдзел у якіх былі бліны.