Чым знакаміты беларускі гарадок Іўе? Дзе пакаштаваць самыя сакавітыя памідоры? І калі можна адпраўляцца на збор новага ўраджаю? Пра ўсё гэта даведаліся госці свята "Іўеўскі памідор", якое 18 жніўня сабрала ў беларускай "таматнай сталіцы" сотні аматараў агародніны з усёй краіны.
Два гады таму на гастранамічнай карце Беларусі нараўне з агурковым у Шклове з'явіўся яшчэ і таматны фестываль – у горадзе Іўе, які славіцца на ўсю краіну рэкорднымі ўраджаямі (штогод тут збіраюць звыш 4,5 тысячы тон!) памідораў. Цікава, што агародніцтва ў Іўі мае вельмі багатую гісторыю: традыцыі вырошчвання агародніны заклалі татары, якіх яшчэ ў ХIV стагоддзі князь Вітаўт запрасіў на гэтыя землі ахоўваць межы сваёй дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага.
А сёння жыхары "памідорнай сталіцы" не толькі займаюцца вырошчваннем любімай агародніны, але ў сезон ураджаю абавязкова арганізуюць смачнае свята з мноствам сюрпрызаў. У гэтым годзе фэст адкрыўся касцюміраваным шэсцем "Памідорны бум", дзе можна было ўбачыць каларытных персанажаў – "памідораў" і "памідорак", якія праехалі ў чырвоным рэтрааўтобусе, на міні-трактары і нават тачцы. А потым гасцям прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсах на лепшы карнавальны касцюм "Місіс Памідорка", самы арыгінальны рэцэпт і аўтарскую страву з таматаў, а таксама выбраць "Памідорнага ўладара вёскі".
У гэтым годзе не абышлося і без рэкордаў: упершыню быў афіцыйна выбраны самы вялікі "Сеньёр Памідор" Іўеўскага раёна. Пераможцай конкурсу стала Галіна Шагідзевіч, якая вырасціла агародніну вагой 1165 грамаў. А потым для гасцей падрыхтавалі гіганцкі бутэрброд, памеры якога здзівілі нават саміх арганізатараў – 4 метры 25 сантыметраў! І, вядома, як жа без фестывальных традыцый: у час свята на сцэне ва ўрачыстай абстаноўцы быў закансерваваны першы слоік таматаў ураджаю 2018 года. На заканчэнне Іўеўскага фэсту ў неба запусцілі сімвал свята – паветраны памідор.
Самыя яркія кадры фестывалю "Іўеўскі памідор" – у рэпартажы!