Гомельская зямля здаўна славіцца ўнікальнымі рамёствамі, самабытнымі традыцыямі і, вядома, таленавітымі рукадзельніцамі. І Год малой радзімы, які ідзе ў Беларусі, стаў яшчэ адной падставай, каб не толькі не хаваць у музейных запасніках і сямейных калекцыях эксклюзіў, але, наадварот, паказваць рарытэты, адраджаць прыгожыя традыцыі продкаў і вучыць ім усіх жадаючых.
У вёсцы Бабічы Чачэрскага раёна гэтымі днямі адкрыўся Цэнтр ткацтва. Яго госці могуць акунуцца ў атмасферу сельскага быту, убачыць унікальныя старадаўнія ручнікі работы мясцовых майстрых, а галоўнае, сесці за ткацкі станок і асвоіць аўтэнтычныя тэхнікі. Праводзіць майстар-класы будуць вопытныя ткачыхі Людміла Мудракова і носьбіт народных традыцый па ткацтве Ганна Гапеенка.
Акрамя таго, у адной з залаў размясцілася гасцёўня "Бабуліны пачастункі", дзе будуць праводзіць майстар-класы па гатаванні страў па рэцэптах мясцовай кухні з дэгустацыяй.
На фота: кіраўнік ансамбля народнай музыкі, песні і танца "Лёс" Наталля Турмасава з разной карцінай стагадовай даўнасці, падоранай Цэнтру ткацтва