Аб слуцкіх паясах – знакамітым здабытку беларусаў – ведаюць далёка за межамі нашай краіны. Гэтыя дзіўнай прыгажосці аксесуары з мінулага захаваліся ў рэдкіх музейных і прыватных калекцыях свету, але стаць уладальнікам не менш каштоўнага экзэмпляра сёння ўсё ж такі можна. У нашы дні шэдэўры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія сталі ўвасабленнем традыцый нацыянальнага ткацтва, узнаўляюць майстры ў горадзе Слуцку – толькі ўжо не ўручную, а з дапамогай сучасных тэхналогій...
Другое нараджэнне традыцыі вырабу беларускай рэліквіі атрымалі дзякуючы Дзяржаўнай праграме адраджэння тэхналогій і традыцый вытворчасці слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі "Слуцкія паясы" на 2012-2015 гады. Сучасныя майстры робяць іх дакладныя копіі, аналагі і мастацкія стылізацыі, якія сталі эксклюзіўным сувенірам з Беларусі. У мясцовы вытворча-культурны комплекс уваходзяць завод, музей, дзе прадстаўлены аналагі паясоў, рэканструяваныя на сучасным абсталяванні, кафэ і сувенірная крама.
Аб тым, як ствараюцца самыя дарагія сувеніры з Беларусі, а таксама як выглядаюць сучасныя аксесуары магнатаў – у нашым рэпартажы са Слуцка.