Першы чэмпіянат Еўропы па баскетболе 3х3 сярод ігракоў да 18 гадоў прайшоў з 21 па 23 жніўня ў Мінску. Беларусь упершыню ў гісторыі прымала спартыўнае мерапрыемства такога ўзроўню, арганізаванае пад эгідай Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацый баскетбола. У кантынентальным першынстве прынялі ўдзел 32 наймацнейшыя каманды юнакоў і дзяўчат з 22 краін.
Беларуская жаночая зборная ў складзе Марыі Іваненка, Ганны Лапо, Марыі Адашчык і Настассі Сушчык дастойна выступіла на кантынентальным першынстве, заняўшы другое месца ў падагульняючай турнірнай табліцы. Трыумфальнае шэсце падапечным Юрыя Воўка забяспечылі перамогі ва ўсіх паядынках, за выключэннем фінальнага, у якім мацнейшай была зборная Венгрыі (15:16). Бронзу маладзёжнага Еўрабаскета атрымала зборная Ізраіля, якая абыграла каманду Францыі – 16:12.
Юнацкая зборная па баскетболе ў складзе Максіма Лютыча, Цімафея Паралёва, Андрэя Рагозенкі і Антона Зарэцкага таксама паказала выдатныя рэзультаты, заняўшы чацвёртае месца. Беларусы правялі серыю паспяховых сустрэч у групе D, аднак у паўфінале ўступілі французам (9:20), а потым у матчы за бронзу – іспанцам (15:18). Званне чэмпіёна Еўропы дасталося камандзе Турцыі, якая ў фінальным паядынку перайграла зборную Францыі – 16:14.
Па выніках спаборніцтваў прадстаўнікі Міжнароднай фэдэрацыі баскетбола (FIBA Europe) высока ацанілі ўзровень правядзення мінскага чэмпіянату і выказалі ўпэўненасць у тым, што ў далейшым Беларусь можа разлічваць на правядзенне больш буйнога турніру па баскетболе.