Наш народ з гонарам прайшоў праз усе жахі Вялікай Айчыннай вайны. Такую думку выказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка ў час традыцыйнай акцыі "Звон смутку" на мемарыяльным комплексе "Буйніцкае поле".
"У гісторыі нашай краіны ёсць самотныя даты, пра якія людзі ніколі не забудуць. Памяць пра іх заўсёды будзе збіраць нас разам ля мемарыялаў і абеліскаў. 22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна, падобнай да якой чалавецтва яшчэ не ведала. Колькі болю, пакут і смерці яна прынесла нашаму народу, – адзначыў Анатоль Ісачанка. – Гэта была не проста вайна за тэрыторыю. Гэта было наўмыснае знішчэнне бязвінных, мірных грамадзян".
Вораг быў моцны. Але, падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблвыканкама, фашысты не здагадваліся аб сіле, стойкасці і мужнасці савецкага народа. "Нашы дзяды і прадзеды не пачыналі тую вайну, яны толькі абаранялі сваю Радзіму! Гінулі на палях бітваў, паміралі пад бамбёжкамі і ў канцлагерах. Але нават у гэтай чарадзе бясконцага жаху яны, не задумваючыся, ахвяравалі сабой, каб выратаваць іншых, - адзначыў Анатоль Ісачанка. – Наш народ з гонарам прайшоў праз усе жахі вайны. І не проста прайшоў! Выстаяў, перамог і пазбавіў свет ад фашызму. Гераізм і бясстрашнасць нашых воінаў, самаахвяраванне тых, хто працаваў у тыле, мацярынскае гора і дзіцячыя слёзы - усё гэта ўвабрала ў сябе доўгачаканая Перамога, якую мы адваявалі ў ворага".