Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Парламенцкія выбары-2019

Парламенцкія выбары ў Беларусі

31 Oct 2019

Выбарчы кодэкс і Кодэкс аб шлюбе і сям'і перакладзены на беларускую мову

31 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выбарчы кодэкс і Кодэкс аб шлюбе і сям'і перакладзены на беларускую мову. Аб гэтым паведаміў журналістам дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Ігар Капылоў у час першага міжнароднага кангрэса па беларускай мове "Беларуская мова - галоўная гісторыка-культурная каштоўнасць нацыі і дзяржавы", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Наш інстытут сумесна з Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі цяпер вядзе работу па перакладзе на беларускую мову заканадаўчых актаў. Пераклад Кодэкса аб шлюбе і сям'і падрыхтаваны ўжо, абмеркаваны групай экспертаў і выстаўлены на сайт НЦПІ. Цяпер мы завяршылі падрыхтоўку перакладу Выбарчага кодэкса, да выбараў у Палату прадстаўнікоў ён таксама будзе выстаўлены на сайт. Цяпер працуем над Грамадзянскім кодэксам", - расказаў Ігар Капылоў.

Ён адзначыў, што наперадзе вялікая работа, паколькі ўсяго кодэксаў больш за 20. "З іх першапачаткова быў прыняты на беларускай мове толькі Кодэкс аб культуры", - дадаў ён.

Першы міжнародны кангрэс па беларускай мове "Беларуская мова - галоўная гісторыка-культурная каштоўнасць нацыі і дзяржавы" прысвечаны 90-годдзю заснавання аднаго са старэйшых інстытутаў у сістэме Акадэміі навук - Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. У форуме прымаюць удзел вучоныя з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Чэхіі, Літвы. Асноўныя напрамкі, якія абмяркоўваюцца на кангрэсе: сучасная беларуская мова ва ўмовах блізкароднаснага двухмоўя, міжславянскія моўныя і культурныя кантакты, роля ІТ у правядзенні лінгвістычных даследаванняў, фразеалогія і моўная карціна свету, стылістыка тэксту, праблемы перакладу, роля мовазнаўства ў сучаснай гуманітарыстыцы.

Увазе ўдзельнікаў форуму прадстаўлена выстаўка, прысвечаная гісторыі беларускага мовазнаўства. На ёй можна ўбачыць унікальныя рарытэтныя выданні, якія падрыхтаваны вучонымі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа за 90 гадоў і ўвайшлі ў залаты фонд айчыннай лінгвістыкі. Сярод іх "Граматыка беларускай мовы" ў двух тамах, "Гістарычны слоўнік беларускай мовы" у 37 выпусках, "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы" ў шасці тамах, "Дыялекталагічны атлас беларускай мовы".

Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа вядомы ў Беларусі і за мяжой як буйны навукова-даследчы і каардынацыйны цэнтр у галіне лінгвістыкі. Цяпер інстытут уваходзіць у склад Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Асноўнымі напрамкамі яго навукова-даследчай работы з'яўляюцца вывучэнне заканамернасцей развіцця сістэмы беларускай мовы на ўсіх этапах яе гісторыі, параўнальна-гістарычныя і структурна-тыпалагічныя даследаванні розных славянскіх і неславянскіх моў, распрацоўка тэорыі мовы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі