8 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ аб'явіла аб наборы персаналу для місіі па назіранні за выбарамі ў парламент Беларусі, такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце БДІПЧ, паведамляе БЕЛТА.
На інтэрнэт-рэсурсе БДІПЧ нагадваецца, што Бюро атрымала адпаведнае запрашэнне ад беларускага боку і ў адпаведнасці са сваім мандатам арганізацыя рыхтуецца да адпраўкі місіі наглядальнікаў. "У сувязі з гэтым БДІПЧ АБСЕ цяпер шукае пабочных кансультантаў, каб замясціць наступныя пазіцыі: кіраўнік місіі, намеснік кіраўніка місіі, палітычны аналітык, аналітык па выбарах, юрыст-аналітык, медыяаналітык, каардынатар доўгатэрміновых наглядальнікаў", - сказана ў паведамленні.
Таксама ў БДІПЧ удакладняюць, што людзі, якія зоймуць гэтыя пасады, будуць выконваць свае абавязкі прыкладна 8 тыдняў. Пасады змогуць заняць грамадзяне краін - членаў АБСЕ, у тым ліку Беларусі. Хутчэй за ўсё, яны пачнуць работу ў канцы ліпеня. Акрамя таго, на сайце паведамляецца, што наступным этапам стане набор 40 доўгатэрміновых наглядальнікаў і 400 кароткатэрміновых.
Паводле апошніх даных ЦВК Беларусі, з міжнародных наглядальнікаў у краіне пакуль зарэгістравана 32 чалавекі ад СНД.