24 красавіка, Мазырскі раён /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі трэба больш паскоранымі тэмпамі развіваць сетку аграсэрвісаў, каб такія арганізацыі былі ў кожным раёне. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на семінары-нарадзе па пытаннях аграсэрвіснага абслугоўвання, арганізацыі рамонту і аднаўлення сельгастэхнікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў савецкія часы так і было - сельгастэхнікі былі ў кожным раёне, яны канцэнтравалі ў сябе работы па рамонце, аднаўленні тэхнікі, абсталявання для сельскай гаспадаркі, аказвалі паслугі, напрыклад, па бурэнні свідравін. І, акрамя таго, там быў сфарміраваны неабходны рэзерв запчастак і паліва.
"Потым настаў перыяд, калі мы ўсе сталі рыначнікамі. У выніку гэтага палавіна сельгастэхнік былі знішчаны. Такі ў нас рынак быў. Праз некаторы час разумеем памылкі і пачынаем усведамляць, што такія цэнтры павінны быць. Я настойваю, каб яны былі ў кожным раёне", - сказаў Прэзідэнт.
У сучаснай Беларусі на базе ранейшых сельгастэхнік развіваецца сетка раённых, абласных аграсэрвісаў, якія аб'яднаны ў "Белаграсэрвіс".
"Вельмі марудна разгортваемся па іх аднаўленні, дааснашчэнні, перааснашчэнні там, дзе гэта трэба. Вельмі марудна. Таму нам трэба паскарацца", - арыентаваў Аляксандр Лукашэнка.
"Тэхніка ўскладняецца, кадры трэба вучыць. На базе сельгастэхнік і школа была, і не толькі інжынераў мы там удасканальвалі і вучылі. Гэта значыць патрэбная справа. Рашэнне прынята (было раней аб іх аднаўленні. - Заўвага БЕЛТА). Больш як палавіну мы аднавілі", - падвёў прамежкавыя вынікі кіраўнік дзяржавы.






Ён звярнуў увагу, што ў некаторых рэгіёнах на месцах ужо вырашылі прыпыніць працэс і не спяшацца са стварэннем аграсэрвісаў у невялікіх раёнах, спасылаючыся на тое, што яны могуць звярнуцца па дапамогу ў суседнія. Адзін з прыкладаў - Нароўля, размешчаная недалёка ад Мазыра з яго выдатна аснашчаным "Мазыртэхсэрвісам". З такім падыходам Аляксандр Лукашэнка не згодны. "Нешта павінна быць і ў Нароўлі, - канстатаваў ён. - На скорую руку трэба і там нешта мець".
"Напэўна, не гарыць сёння ў Нароўлі. З часам убачым: трэба - не трэба. Але ёсць раёны, дзе вельмі трэба: Жыткавіцкі, Шклоўскі і іншыя. Гэта буйныя раёны, якія могуць абслугоўваць (і суседнія раёны. - Заўвага БЕЛТА). Трэба вось гэтыя базавыя аднавіць - будзем іх называць міжраённыя", - абазначыў першачарговыя задачы Прэзідэнт. Але пасля гэтага трэба ўсё роўна вяртацца да пытання стварэння няхай і невялікіх, але ў кожным раёне аграсэрвісаў.
Напрыклад, "Мазыртэхсэрвіс", на базе якога быў арганізаваны семінар-нарада, кіраўнік дзяржавы лічыць арганізацыяй даволі высокага ўзроўню. "Гэта не толькі рамонт, абслугоўванне. Гэта вытворчасць адпаведных машын. Гэта вельмі багата. Але такія вузлавыя павінны быць", - сказаў ён. Як далажылі Прэзідэнту, тут, як у міжраённым цэнтры, абслугоўваюць не толькі Мазырскі, але і шэраг іншых раёнаў Гомельскай вобласці. Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, у такім выпадку трэба падумаць над стварэннем майстэрняў у тых раёнах, дзе няма свайго аграсэрвісу.
У якасці наступнага кроку ў перспектыўным развіцці аграсэрвісаў кіраўніку дзяржавы прапанавалі перааснасціць практычна да заводскага ўзроўню тыя з іх, якія маюць высокакваліфікаваныя кадры і вытворчую базу. Гэта дасць магчымасць рамантаваць не толькі механічную частку, але і больш складаныя камплектуючыя - электронныя блокі кіравання, гідраўлічную сістэму і іншае. Акрамя таго, такі крок па сутнасці зробіць аграсэрвісы праваднікамі ідэй заводаў-вытворцаў. Было таксама адзначана, што такое рашэнне надае эканамічную ўстойлівасць аграсэрвісам. Акрамя таго, павелічэнне вытворчых магутнасцей стварае новыя рабочыя месцы. А цесная сувязь з каледжамі і аграрнымі ВНУ дае магчымасць прыцягваць моладзь на прадпрыемствы.
"Нам трэба план гэты выбудаваць, каб мы разумелі, дзе трэба будаваць або аднаўляць", - даручыў беларускі лідар. Пры гэтым, дадаў ён, у такіх арганізацыях абавязкова павінны быць створаны камфортныя ўмовы для сельскагаспадарчых прадпрыемстваў: "Трэба разумна падумаць і выбудоўваць схему такім чынам, каб было прывабна для калгасаў і саўгасаў, каб яны паехалі ў гэту сельгастэхніку".
Аляксандр Лукашэнка, рэзюмуючы ўсё сказанае, падкрэсліў, што сетку раённых, міжраённых, абласных агратэхнік трэба абавязкова выбудоўваць: "Тэхніка становіцца ўсё больш складанай, яе трэба абслугоўваць. Усё на завод не адвязеш. Завод адзін, а ў нас сотні калгасаў і саўгасаў. Таму трэба мець гэта".