31 ліпеня, Бярозаўскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў рабочую паездку ў Бярозаўскі раён Брэсцкай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У Бярозаўскім раёне верталёт кіраўніка дзяржавы прызямліўся на мехдвары адной з вытворчых пляцовак "Савушкінага прадукту".
У першую чаргу пасля прылёту Прэзідэнт спытаў кіраўніцтва Брэсцкай вобласці аб ходзе ўборачнай кампаніі: колькі плошчаў, якіх культур ужо ўбрана, якая ўраджайнасць. Асобна кіраўнік дзяржавы цікавіўся, як адрозніваецца ўраджайнасць у гаспадарках, у тым ліку рознай формы ўласнасці. Размова зайшла і аб дзейнасці кампаніі "Савушкін прадукт". Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такім значным перапрацоўшчыкам малака трэба больш актыўна займацца развіццём сыравіннай базы і ўкладвацца ў сельскую гаспадарку.
"Аляксандр Міхайлавіч (Машэнскі, генеральны дырэктар ТАА "Санта-Імпэкс" - кіруючая кампанія холдынга "Санта". - Заўвага БЕЛТА) павінен сыравіну атрымліваць на сваіх прадпрыемствах. Зразумела, туды інвесціраваць. Мы будзем дапамагаць у гэтым плане. Але ён павінен ісці наперадзе. Да гэтага мы павінны прыйсці", - сказаў Прэзідэнт і даручыў адказным службовым асобам падумаць, якім чынам гэта рэалізаваць на практыцы.
Першы пункт у маршруце кіраўніка дзяржавы - поле азімай пшаніцы СУП "Савушкін-Прамень". Прэзідэнт заслухаў даклад міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Горлава аб ходзе ўборачнай кампаніі ў разрэзе розных культур і іх ураджайнасці па абласцях краіны. Паводле слоў міністра, аграрыі наблізіліся да 4 млн т збожжавых. А Брэсцкая вобласць перасягнула ўжо мільённы рубеж. І з гэтай нагоды па традыцыі зрабілі вялікага памеру каравай, які перададуць кіраўніку дзяржавы.






Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што крытэрыем эфектыўнасці работы сельскай гаспадаркі вызначаны паказчыкі мінулага года. Параўноўваючы з імі, будуць ацэньваць рэзультаты бягучага. Асобна Прэзідэнт спытаў пра ўборку лёну і нарыхтоўку кармоў.
Далей кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з доследным узорам камбінаванага рулоннага прэс-падборшчыка, выпушчанага на прадпрыемстве "Бабруйскаграмаш". Дэманстравалася таксама правядзенне работ па вапнаванні глебы з выкарыстаннем айчыннага абсталявання - раскідальніка Bruttus 12000 і энерганасычанага трактара BELARUS-5425, які Прэзідэнт неяк назваў "касмічным караблём" для беларускага трактарабудавання.
Раней кіраўнік дзяржавы неаднаразова гаварыў аб неабходнасці стварэння айчыннага прэс-падборшчыка. Размова аб гэтым ішла ў тым ліку на семінары-нарадзе ў Мінскім раёне ў чэрвені 2025 года. "Прэс трэба зрабіць. Гэта пытанне жыцця і смерці", - запатрабаваў тады Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя таго, Прэзідэнт уручыў узнагароды на "Савушкіным прадукце" ў Бярозе. Тут знаходзіцца адна з васьмі вытворчых пляцовак прадпрыемства. У выніку завяршэння мадэрнізацыі бярозаўская пляцоўка стала буйнейшым у Беларусі заводам па выпуску паўцвёрдых сыроў. Вытворчая магутнасць дае магчымасць выпускаць да 140 тон сыроў за суткі.