Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

7 Mar 2019

"Сіла дзяржавы ў адданых радзіме людзях" - Лукашэнка ўручыў дзяржузнагароды і генеральскія пагоны


7 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды шматдзетным маці і заслужаным дзеячам розных сфер, а таксама генеральскія пагоны прадстаўнікам вышэйшага афіцэрскага складу. Урачыстая цырымонія адбылася сёння ў Палацы Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Не так даўно ў адрас мужчын гучалі віншаванні з Днём абаронцаў Айчыны, а сённяшні дзень афарбаваны чаканнем вясенняга жаночага свята - 8 Сакавіка. З нядаўняга часу мы аб'ядноўваем гэтыя ўрачыстасці, каб сабраць разам доблесных мужчын - кадравых ваенных, супрацоўнікаў сілавых структур і нашых дарагіх жанчын, паспяховых у прафесіі, шматдзетных маці, якія прысвяцілі жыццё вялікаму прызначэнню. Уручыць лепшым з лепшых заслужаныя дзяржаўныя ўзнагароды", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што на кожнага, хто стаіць на варце міру і парадку ў краіне, праслаўляе радзіму працоўнымі дасягненнямі, стварае сям'ю і прадаўжае род, ускладзена вялікая і важная місія. "Вы ўмацоўваеце палітычную, эканамічную, сацыяльную і духоўную асновы нашай дзяржавы", - заявіў ён.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, усе, хто служыць Айчыне, прадаўжаючы слаўныя традыцыі пакалення воінаў-пераможцаў, з'яўляюцца апорай суверэнітэту краіны, абаронцамі свайго народа. "Моцныя, надзейныя, адважныя - вы дастойны прыклад для моладзі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Дарагія жанчыны, мы схіляемся перад вамі, захапляемся вашай мудрасцю, цярплівасцю, уменнем сумяшчаць сямейныя клопаты і прафесійны абавязак, быць апорай для родных і блізкіх. Мы клапатліва ставімся да шматдзетных маці - сапраўдных гераінь свайго часу, - звярнуўся Прэзідэнт да прадстаўніц прыгожага полу. - Мы, мужыкі, хоць часам і фанабэрымся, але вы павінны ведаць, што ўсё, што мы робім, мы робім толькі дзеля вас. Не было б вас, мы ніякіх высакародных подзвігаў і ўчынкаў не здзяйснялі б".

Ён звярнуў увагу, што сіла беларускага народа, а значыць, і дзяржавы - у такіх людзях, мэтанакіраваных і самаахвярных, адданых радзіме, сям'і і сваёй справе. "Афіцэрскія пагоны, тым больш генеральскія, - гэта сімвал мужнасці, адвагі і вернасці абавязку. Ордэн Маці - сімвал жаноцкасці і захавання сямейнага ачага. Прызнанне прафесійных дасягненняў - сімвал таленту і працавітасці", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў удзельнікаў цырымоніі з заслужанымі дзяржаўнымі ўзнагародамі і ўручыў ім ордэны і медалі, дыпломы аб прысваенні ганаровых званняў і пагоны вышэйшаму афіцэрскаму складу. "Няхай у вашых дамах пануюць каханне, утульнасць, цяпло, а неба над роднай Беларуссю заўсёды будзе мірным", - пажадаў ён. Яшчэ раз звяртаючыся да жанчын, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Ваша жыццё і жыццё вашых дзяцей мы, мужыкі ў пагонах, забяспечым спаўна. Тым больш мы ў гэтым плане карыстаемся вашай падтрымкай. Я ўжо гаварыў, што мужчынскае свята, якое прайшло, мы раздзялілі з вамі, жанчынамі. Таму што жанчына ў пагонах - гэта не навіна, і мы ўсе абаронцы нашай Айчыны".

Прэзідэнт узнагародзіў ордэнам Пашаны генеральнага дырэктара дзяржаўнага навукова-вытворчага аб'яднання "Хімічны сінтэз і біятэхналогіі" - дырэктара Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі Эмілію Каліміец і медалём "За адвагу" старшага оперупаўнаважанага па асабліва важных справах спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам "Алмаз" МУС Паўла Шчарбакова. Кіраўнік дзяржавы таксама ўручыў медалі "За адзнаку ў воінскай службе", "За працоўныя заслугі", "За службу Радзіме" ІІІ ступені і "За выратаванае жыццё".

У ліку ўдастоеных медаля Францыска Скарыны аказаліся галоўны рэдактар часопіса "Наука и инновации" Жанна Камарова, вядучы майстар сцэны Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Святлана Цімохіна. Сярод узнагароджаных ордэнам Маці - настаўніца замежнай мовы мінскай сярэдняй школы нумар 136 Таццяна Казлова, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці Нацыянальнага банка Алена Коптур, дызайнер ТАА "ОМА" Юлія Рыжая.

Дыплом аб прысваенні ганаровага звання "Заслужаны будаўнік Рэспублікі Беларусь" кіраўнік дзяржавы ўручыў дырэктару Віцебскага абласнога дзяржаўнага ўнітарнага праектнага прадпрыемства "Інстытут Віцебскграмадзянпраект" Наталлі Касабука. Званне "Заслужаны спецыяліст Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь" прысвоена начальніку штаба - першаму намесніку камандуючага сіламі спецыяльных аперацый Віктару Гулевічу.

Пагоны генерал-маёра Аляксандр Лукашэнка ўручыў палкоўнікам Івану Багуслаўскаму, Юрыю Шаплаўскаму, Ігару Болатаву і Паўлу Ігнатаву. Пракурору Віцебскай вобласці Вадзіму Сушчынскаму прысвоены класны чын дзяржаўнага саветніка юстыцыі трэцяга класа, начальніку Мінскай рэгіянальнай мытні Аляксандру Валіеву - персанальнае званне дзяржаўнага саветніка мытнай службы трэцяга рангу.

Пасля цырымоніі ўзнагароджання ганаровыя госці Палаца Незалежнасці прынялі ўдзел у святочным прыёме ад імя кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнт паразмаўляў з героямі ўрачыстасці ў нефармальнай абстаноўцы і яшчэ раз павіншаваў з новымі званнямі, узнагародамі і вясеннім святам.

Яшчэ адным традыцыйным падарункам для запрошаных стала экскурсія па Палацы Незалежнасці. Яны азнаёміліся з яго інтэр'ерам і галоўнымі заламі, а таксама наведалі выставу беларускай мастачкі Маргарыты Маніс.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі