20 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадстаўніца Беларусі Марына Аляксейчык перамагла на конкурсе прыгажосці для замужніх жанчын "Місіс Сусвет-2014", фінал якога праходзіў у ЗША ў амерыканскім штаце Мэрыленд, паведамляюць інфармагенцтвы.
Уладальніцы гэтага ганаровага тытула 31 год. Яна выйшла замуж чатыры гады таму. Цяпер працуе тэлевядучай і выступае на сцэне ў якасці спявачкі.
Другое месца заняла канкурсантка ад ПАР, а трэцяе - прадстаўніца Перу. Расіянка "Місіс Севастопаль" Наталля Нікалаева заняла 4-е месца.
Конкурс працягваўся 8 дзён, у ім прынялі ўдзел прадстаўніцы з 35 краін. Праграма конкурсу складалася з некалькіх нумароў. У пачатку ўдзельніцы выконвалі рытмічны танец у жакетах і з палачкамі. За ім ішоў паказ купальнікаў і вячэрніх сукенак. Гледачоў таксама забаўлялі спецыяльна запрошаныя артысты і калектывы. У фінале конкурсу жанчыны павінны былі выйсці ў нацыянальным касцюме або ў мастацкім уборы, які падкрэсліваў бы іх нацыянальную прыналежнасць.
Конкурс "Місіс Сусвет" быў заснаваны ў 1985 годзе, яго праводзілі ў самых розных краінах свету і тройчы запар у Расіі. У наступным годзе гэты прэстыжны агляд пройдзе ў Пекіне. Да ўдзелу запрашаюцца замужнія маладыя жанчыны, перавага аддаецца тым, у каго ёсць дзеці, і тым, хто займаецца дабрачыннасцю, актыўна ўдзельнічае ў палітычным і грамадскім жыцці сваіх краін. Паводле слоў прэзідэнта "Місіс Сусвет" Дэвіда Мармела, галоўная місія конкурсу - прапаганда сямейных каштоўнасцей, ідэалаў міру, дабрыні і прыгажосці.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|