Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

20 Apr 2020

"Мы пакуль ні ў чым не памыліліся" - Лукашэнка ўпэўнены ў беларускай тактыцы барацьбы з каранавірусам


20 красавіка, Смалявіцкі раён /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі выбралі правільную тактыку барацьбы з каранавірусам. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання на Вялікдзень Свята-Благавешчанскага Лядзенскага храма ў Смалявіцкім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я цяпер не бачу, што мы ў нечым памыліліся. Пакуль. Усякае можа быць. Але нават вы, людзі не настолькі ўцягнутыя ў гэты працэс, бачыце, што беларусы зрабілі правільна. Я зыходзіў з таго, што вы самі трымаеце сваё жыццё ў сваіх руках і лепш ім распарадзіцеся, чым я або, магчыма, Гасподзь", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт упэўнены, што беларусы пройдуць гэты перыяд дастойна. "Уваскрэсенне Хрыстова - гэта сведчанне перамогі дабра над злом, гэта прыклад самаахвяравання. І таму мы не павінны хавацца за сценамі храма і баяцца зайсці ў храм. Таму што Ён не баяўся, а ахвяраваў дзеля людзей. Чаму ж мы схаваліся? Гэта пытанне жыццё перад некім з часам паставіць. І гэта трэба помніць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што вырашыў адысці ад традыцыйных святочных слоў, паколькі многіх людзей хвалюе сітуацыя ў краіне. "Давайце гаварыць адкрыта: па нашай Канстытуцыі ўсё ж такі ад Прэзідэнта ў нашай краіне многае залежыць. І я вам шчыра і сумленна гавару аб той палітыцы, якая будзе ў далейшым праводзіцца пры цяперашняй уладзе. А хто мае рацыю, хто вінаваты, стане зразумела літаральна праз чатыры-пяць месяцаў, калі вы будзеце вызначацца, хто будзе вамі кіраваць, якая будзе ў вас улада. І ніхто над вамі стаяць не будзе, гэта вы вырашыце самі. Але я вам гарантую, што чарговыя выбары ў нашай краіне пройдуць абсалютна сумленна. Мы сумленна і адкрыта будзем гаварыць вам аб будучыні, будзем расказваць аб тым, як развіваецца наша краіна і як будзе развівацца", - заявіў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, што пнеўманіі, пра якія сёння так шмат гавораць, - гэта толькі малая частка ад усіх існуючых не менш небяспечных хвароб. "У нас шмат людзей, у якіх сардэчна-сасудзістыя захворванні, якія пакутуюць на анкалогію, цукровы дыябет, атлусценне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што смяротнасць ад пнеўманіі, якая развіваецца на фоне каранавіруснай інфекцыі, зусім малая. Паміраюць людзі, здароўе якіх падкасілі многія іншыя захворванні. У сувязі з гэтым ён заклікаў пажылых людзей, асабліва з хранічнымі захворваннямі, звяртацца да медыкаў пры першых жа сімптомах інфекцыі і не чакаць да апошняга, займаючыся самалячэннем. "Паберажыце сябе, падумайце аб гэтым, - заклікаў кіраўнік дзяржавы. - Нашы ўрачы малайцы ў гэтым плане: яны ўжо сарыентаваліся, выцягваюць самых цяжкіх хворых".

"Калі вы зробіце маленькі крок насустрач свайму здароўю, у нас з заўтрашняга дня будзе лепш. Усё залежыць ад нас з вамі. Я вам абяцаю, што наша ўлада - яна камусьці падабаецца, не падабаецца - зробіць усё для таго, каб вы былі абаронены. Толькі вы зрабіце маленькі крок насустрач свайму здароўю, таму, аб чым вы марыце. Калі мы будзем разам, усё будзе добра", - сказаў на заканчэнне кіраўнік дзяржавы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі