19 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусі і Расіі трэба ў першую чаргу арыентавацца на сваё. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 19 студзеня на сустрэчы з губернатарам Кіраўскай вобласці Расіі Аляксандрам Сакаловым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы ў адной лодцы. Таму, як мы з Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным вызначыліся, арыентавацца трэба на сваё. Санкцыі, не санкцыі - трэба арыентавацца на сваё", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
У гэтым кантэксце Аляксандр Лукашэнка згадаў пра Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і яго адкрытасць. "Глядзіце, ён адкрыта кажа: "Нам патрэбна Венесуэла, таму што там ёсць нафта. Нам патрэбна Грэнландыя, таму што для абароны важна і рэдказямельныя металы, нафта, газ - усё там ёсць". Ён адкрыта пра гэта кажа. Што для дыпламатаў не прымальна. Ды і для мяне. Ты памаўчы ўжо, што там нафта, гавары, што там наркабароны, змагайся супраць іх. А ён адкрыта кажа: яму трэба нафту. "І калі вы, еўрапейцы, наша не будзеце купляць, то вам хана, мы вас усіх пераб'ём і гэтак далей і да таго падобнае". Адкрыта", - звярнуў увагу беларускі лідар.
"А мы нечага баімся. Чаго нам баяцца? Працаваць трэба, з кіраўчанамі ў тым ліку, каб яны куплялі тваю прадукцыю і каб яна па якасці, па цане была прымальнай для кіраўчан. Не проста "на табе", усунуць. Дурняў жа няма сёння", - заўважыў Прэзідэнт.
Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі дастаткова добрых тавараў, прычым іх высокая якасць пацверджана на дзяржаўным узроўні. Штогод прысвойваецца Дзяржаўны знак якасці. І ў гэтым годзе таксама вызначаны намінанты. У іх ліку, напрыклад, аўтамабіль BELGEE, які ўваходзіць у лік лідараў па продажах у Расіі. "Значыць, ёсць што купляць. Вядома, крутыя будуць усё роўна імкнуцца купіць які-небудзь "Мерседэс" ці "Аўдзі". Ну і на здароўе. Яны купяць, у іх грошы ёсць. Але для сярэдняга расіяніна і беларуса, ніжэй за сярэдняга, мы стваралі гэты народны аўтамабіль. Я пра гэта марыў. Стварылі добры аўтамабіль. Ёсць што прадаваць і можам прадаваць. Трэба арыентавацца на сваё. Таму што з агню ў полымя мы можам ускочыць хутка, а вось як адтуль потым выбірацца? Таму трэба вырабляць сваё", - упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Ёсць, паводле слоў Прэзідэнта, і прыклады сумеснай беларуска-расійскай вытворчасці. У тым ліку ў суднабудаванні, авіябудаванні (самалёт "Асвей"), ваенна-прамысловым комплексе.




Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ні ў якім разе нельга трапляць у залежнасць ад іншых. "Сяброў вакол вельмі мала. А калі і ёсць, то ёсць пэўныя праблемы. Венесуэльцы не былі нам ворагамі. Але... Як вось цяпер на такой адлегласці... Думаем, як дапамагчы і не кінуць гэту краіну, таму што сяброў губляць нельга. А тут, побач, трэба сваю прастору неяк нам больш надзейна абараняць. Трэба больш актыўнымі тут быць", - заявіў Прэзідэнт.
"Ёсць яшчэ шэраг праблем, якія трэба вырашаць. Але мы іх з Прэзідэнтам Пуціным вырашым. Галоўнае, каб нас разумелі і губернатары, і кіраўнікі прадпрыемстваў, што патрэбна сваё. Тэхналогіі. Слухайце, столькі тэхналогій у нас. І з савецкіх часоў, якія мы проста выкінулі, забылі, кінуўшыся на заходняе. А цяпер зразумелі, што ў нас жа былі нармальныя тэхналогіі. І яны сёння жывыя і здаровыя, іх трэба выкарыстоўваць. Трэба рабіць сваё. Мы можам забяспечыць сваю незалежнасць практычна па ўсіх напрамках", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У якасці паспяховага супрацоўніцтва з Расіяй у сферы імпартазамяшчэння Прэзідэнт прывёў у прыклад мікраэлектронную прамысловасць, якая запатрабавана як у ваеннай, так і ў грамадзянскай тэхніцы.
"Трэба перажыць гэта ліхалецце", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Будзе эканоміка - і ваяваць зможам, і абараняцца, і людзей накарміць і апрануць. Калі эканомікі няма - і работы людзям няма. Але галоўнае - настрою ў людзей няма. А ўсё астатняе - маразы, снег, заносы гэтыя - мы перажывём, у нас усяго хапае", - адзначыў Прэзідэнт.