У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
II Еўрапейскія гульні ў Мінску
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

20 Жнв 2015

Мінск адсвяткуе 948-годдзе больш як на 70 святочных пляцоўках

Мінск адсвяткуе 948-годдзе больш як на 70 святочных пляцоўках

20 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш як 70 святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню горада, пройдзе ў Мінску з 9 па 15 верасня, у тым ліку амаль 50 - у раёнах горада, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінгарвыканкама.

Пралогам да свята стане цырымонія ўручэння ўзнагарод "Лепшы па прафесіі" па выніках гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства "Мінскі майстар", якая адбудзецца 11 верасня. Таксама ў гэты дзень у Мінскай гарадской ратушы будуць ушаноўваць мінчан, якія прымаюць актыўны ўдзел у ахове парадку і прафілактыцы правапарушэнняў.

Галоўныя ўрачыстасці пройдуць 12 верасня. У гэты дзень Мінск адзначае 948-годдзе з даты першага згадвання ў "Аповесці мінулых гадоў" у 1067 годзе. Дэвіз свята ў бягучым годзе - "Мой родны Мінск, ты - сэрца Беларусі!".

Па традыцыі да стэлы "Мінск - горад-герой" у святочны дзень ускладуць кветкі ад кіраўніцтва горада і мінчан. У канцэртнай зале "Верхні горад" 12 верасня заключаць шлюб дзевяць пар з усіх раёнаў сталіцы. Таксама ў Верхнім горадзе з 12.00 да 20.00 пройдзе тэматычная праграма "Дыханне вуліц у сэрцы сталіцы" з удзелам творчых калектываў і майстроў мастацтваў Беларусі. Святочная канцэртная праграма "Зоркі сталіцы" і выстаўка-кірмаш майстроў народнай творчасці "Горад майстроў" разгорнецца з 11.30 да 22.00 на пляцоўцы ў раёне Палаца спорту. Апынуцца ў іншых эпохах мінчане і госці сталіцы змогуць у час Міжнароднага фестывалю гістарычнай рэканструкцыі "Мінск старажытны", які адбудзецца на зялёнай зоне скрыжавання прасп. Пераможцаў і прасп. Машэрава.

У дзень нараджэння горада ў 15.00 у храме-помніку ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі, пачнецца ўрачыстая цырымонія "Малітва за Беларусь" і фінальны гала-канцэрт агульнарэспубліканскай акцыі "Харавое Веча".

У раёне Палаца спорту 12 верасня пройдзе турнір па сілавым экстрыме. Адкрыты чэмпіянат Мінска па марафонскім бегу на ролікавых каньках адбудзецца на вул.Сталетава, а адкрытыя гарадскія спаборніцтвы па парусным спорце ў класе "Аптыміст" - на Мінскім моры.

У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета ў 18.00 адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўручэння ўзнагарод "Мінчанін года". Завершыцца святочны дзень у 22.00 каля стэлы "Мінск - горад-герой" музычна-піратэхнічным феерверк-шоу.

Святочныя мерапрыемствы пройдуць і ва ўсіх раёнах горада. Так, канцэртная праграма "Мы дзеці твае, дарагая сталіца!" пачнецца ў 13.00 у парку 50-годдзя Вялікага Кастрычніка. Свята для сям'і і моладзі "Горад казка, горад мара!" адбудзецца ў парку імя 900-годдзя Мінска 12-13 верасня. Свята, прысвечанае Дню горада, стартуе ў 12.00 у Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе, свята "Квітней, мой Мінск, мая сталіца!" - у 10.00 у парку імя М.Паўлава.

Святочныя гулянні таксама пройдуць каля Палаца Чыгуначнікаў (з 13.00 да 18.00), на пляцоўцы каля самалёта па вул.Карвата (з 12.00 да 16.00), у Цэнтральным дзіцячым парку імя М.Горкага (з 12.00 да 19.00). У парку культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў у 12.00 пачнецца святочнае мерапрыемства "Жыві, красуйся ў вечнасці, сталіца!", а з 20.00 да 22.00 тут адбудзецца кінапаказ пад адкрытым небам.

Культурна-забаўляльная праграма "Мой Мінск на ўсей зямлі адзіны!" з 12.00 да 18.00 разгорнецца ў Парку дружбы народаў, а праграма "З Днём нараджэння, сталіца!" - на пляцоўцы каля Мінскага Камароўскага рынку з 12.00 да 15.00. Свята "Родны мой горад" пройдзе з 12.00 да 18.00 у парку 60-годдзя Кастрычніка, а раённае свята "Табе, мой горад, прысвячаем свята!" - у Парку Перамогі.

Прадоўжацца святочныя мерапрыемствы і пасля Дня горада. Так, 13 верасня ў канцэртнай зале "Верхні горад" адбудзецца пяты гарадскі фестываль творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі "Мастацтва жыць, тварыць мастацтва". Па цэнтральных вуліцах горада прабягуць удзельнікі адкрытага чэмпіянату Беларусі па паўмарафоне "Мінскі паўмарафон".

На плошчы Дзяржаўнага сцяга адбудзецца ўрачыстая рэспубліканская лінейка ГА "БРПА", а ў музейна-паркавым комплексе "Перамога" з 12.00 да 19.00 будзе працаваць выстаўка-кірмаш "Горад майстроў" з удзелам устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Ужо 15 верасня ва ўстановах аховы здароўя сталіцы будуць віншаваць жанчын, якія сталі маці ў Дзень горада.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс