Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

26 Apr 2019

Лукашэнка заклікае да каардынацыі дзеянняў краін на ўсім працягу "Пояса і шляху"

Лукашэнка заклікае да каардынацыі дзеянняў краін на ўсім працягу

26 красавіка, Пекін /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікае да каардынацыі дзеянняў краін - удзельніц ініцыятывы "Пояс і шлях", каб максімальна садзейнічаць пашырэнню эканамічнага супрацоўніцтва і зняццю існуючых бар'ераў. Аб гэтым ён заявіў сёння ў сваім выступленні на II Форуме міжнароднага супрацоўніцтва "Пояс і шлях", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ініцыятыва "Пояс і шлях" дае магчымасць нам пераканацца ў мудрасці нашых продкаў, якія даўно ўсвядомілі, што развіццё асобна ўзятай краіны без узаемадзеяння з іншымі дзяржавамі практычна немагчыма. Сучасныя тэхналогіі робяць свет больш кампактным. Геаграфічная аддаленасць ужо не з'яўляецца такой перашкодай для выбудоўвання цеснага партнёрства, якой была ў часы стварэння Шаўковага шляху", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што з надыходам эры лічбавізацыі, якая прынесла новую хуткасць работы з інфармацыйнымі і грашовымі патокамі, лагічна было б чакаць істотнага прагрэсу і ў гандлі. Аднак на шляху перамяшчэння тавараў усё яшчэ прысутнічаюць штучна створаныя тарыфныя, нетарыфныя, тэхнічныя, адміністрацыйныя бар'еры. "Калі мы хочам пашырыць наша эканамічнае супрацоўніцтва, надаць магутны імпульс развіццю эканомік, нам неабходна больш рэзультатыўна працаваць над устараненнем усіх відаў бар'ераў. Але рабіць гэта толькі на тэрыторыі асобна ўзятай дзяржавы - усё роўна што ў вялікім горадзе на адным скрыжаванні ліквідаваць аўтамабільную пробку. Ты проста хутчэй даедзеш да наступнай. Наша агульная задача - каардынацыя дзеянняў краін на ўсім працягу Пояса і Шляху", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь, праз якую ідуць таварныя патокі з усходу на захад і ў поўначы на поўдзень, як ніхто іншы, зацікаўлена ў існаванні справядлівай, раўнапраўнай і празрыстай сістэмы міжнароднага гандлю. Ён пералічыў тры пытанні, у якіх, на погляд беларускага боку, у бліжэйшы час належыць дабіцца практычнага выніку.

Па-першае, гэта фарміраванне лічбавых транспартных калідораў, перш за ўсё паміж Кітаем і Еўропай. Прымяненне сучасных спадарожнікавых навігацыйных пломб дае магчымасць зняць залішнія мытныя і іншыя надгляды, скараціць час руху кантэйнерных паяздоў амаль на тыдзень. "У Беларусі паспяхова ўжо вядуцца эксперыменты па ўкараненні такіх пломб. Прапануем спалучыць намаганні ўпаўнаважанага кіраўніцтвам Кітая аператара і нацыянальнага беларускага аператара для сумеснай рэалізацыі гэтага праекта", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Другое - скасаванне дазвольнай сістэмы міжнародных аўтамабільных перавозак, што стане дадатковым стымулам для развіцця транспартна-лагістычнай дзейнасці.

Па-трэцяе, актыўнае ўмацаванне ўзаемасувязі інфраструктур. "Патрэбны далейшая рэканструкцыя прыгранічных станцый, аўтамабільных і чыгуначных дарог, мастоў, стварэнне мультымадальных транспартных вузлоў. Узаемазвязаная інфраструктура - базавы элемент развіцця праз супрацоўніцтва", - упэўнены беларускі лідар.

"Ад нас залежыць, ці прытрымлівацца новых стандартаў эканамічнага супрацоўніцтва, ствараць новую вялікую сям'ю або вярнуцца да ўстарэлых геапалітычных манеўраў. Моцны пераадолее перашкоду, мудры - увесь шлях", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама пажадаў удзельнікам форуму сілы для пераадолення ўсіх перашкод, якія ўзнікаюць у сумеснай рабоце па будаўніцтве "Пояса і шляху", а таксама мудрасці, каб паспяхова рэалізаваць праекты гэтай глабальнай ініцыятывы на карысць народаў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі