Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

20 Кст 2025

Лукашэнка: у супрацоўніцтве Беларусі і Мардовіі патрэбны амбіцыйныя энергічныя дзеянні

Лукашэнка: у супрацоўніцтве Беларусі і Мардовіі патрэбны амбіцыйныя энергічныя дзеянні

20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У супрацоўніцтве Беларусі і Мардовіі патрэбны амбіцыйныя энергічныя дзеянні і прарыўныя праекты. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 20 кастрычніка на сустрэчы з кіраўніком Рэспублікі Мардовія Расійскай Федэрацыі Арцёмам Здунавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяперашняя, ужо другая яго сустрэча з кіраўніком расійскага рэгіёна дае магчымасць намеціць новыя планы, рубяжы двухбаковага супрацоўніцтва, тым больш што сумесная работа выбудавана ўжо нядрэнна і ёсць перспектывы ўзаемадзеяння. "У эканоміцы нам патрэбны амбіцыйныя энергічныя дзеянні. І, вядома, дастойныя прарыўныя праекты", - сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, тавараабарот Беларусі і Мардовіі ў 2024 годзе склаў крыху больш за $130 млн і "гэта далёка не мяжа з улікам прамысловай базы" абодвух бакоў.

Асобна Прэзідэнт спыніўся на ключавых напрамках супрацоўніцтва, якія патрабуюць асаблівай увагі. Гэта, па-першае, развіццё вытворчай кааперацыі. "Нам гэта вельмі-вельмі патрэбна - і Расіі, і Беларусі, - асабліва пасля незразумелых уцёкаў ад нас вядомых інвестараў", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

З беларускага боку кіраўнік дзяржавы прапанаваў максімальна нарошчваць патэнцыял сумесных праектаў у сферы вагонабудавання, мікраэлектронікі, вытворчасці ліфтаў. Напрыклад, у Беларусі запатрабавана кабельна-правадніковая прадукцыя Мардовіі. Адзін з прыкладаў сумеснай эфектыўнай работы - вытворчасць ізаляцыйных матэрыялаў з сыравіны беларускага "Нафтана" кампаніяй "Лідар-Кампаўнд" з Мардовіі. Прэзідэнт адзначыў таксама наяўнасць добрых вытворчых сувязей паміж іншымі прадпрыемствамі краіны і расійскага рэгіёна.

"Мардовія - адзін з лідзіруючых рэгіёнаў Расіі па долі інавацыйнай прадукцыі ў аб'ёме прамысловай вытворчасці. Мы таксама ганарымся сваім навуковым патэнцыялам і імкнёмся максімальна выкарыстоўваць нашы распрацоўкі ў вытворчасці. Мы аб гэтым вельмі шмат гаворым і намячаем канкрэтныя планы па інавацыях. Таму давайце наладжваць супрацоўніцтва паміж профільнымі інстытутамі ў сферы інфармацыйных тэхналогій, падрыхтоўкі ІТ-спецыялістаў, у сумеснай рабоце над праграмнымі прадуктамі, штучным інтэлектам (модна цяпер). Будзем дзяліцца вопытам", - прапанаваў Прэзідэнт.

Па-другое, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў актуальнасць узаемадзеяння па пастаўках сельгастэхнікі. "Мардовія і Беларусь у аграрным сектары маюць вельмі шмат агульнага. Як і мы, вы практычна поўнасцю забяспечваеце сябе і арыентаваны на пастаўкі за межы вашага рэгіёна, у тым ліку і на экспарт. Упэўнены, беларуская сельгастэхніка можа стаць добрай падмогай для далейшага нарошчвання патэнцыялу аграрыяў Мардовіі", - заявіў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт адзначыў, што сітуацыя цяпер на расійскім рынку, асноўным для Беларусі, у цэлым няпростая. "Бачым праблемы на гэтым рынку. Мы разумеем, што іх не вырашыць у аднабаковым парадку. Мы таксама павінны ў гэтым напрамку дабаўляць і, як у народзе кажуць, упірацца", - лічыць беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы абазначыў гатоўнасць Беларусі прапанаваць спажыўцам айчыннай сельскагаспадарчай тэхнікі ў Мардовіі "цікавыя інструменты" па яе набыцці і эксплуатацыі. "У нас ёсць магчымасці закрыць патрэбнасці Мардовіі практычна па ўсёй лінейцы сельгастэхнікі, у тым ліку з выкарыстаннем гібкіх механізмаў фінансавання", - сказаў ён.

Акрамя таго, размова ішла аб пашырэнні магчымасцей навучання мясцовых маладых спецыялістаў АПК рабоце на беларускіх сельскагаспадарчых машынах. У асобных ВНУ рэгіёна ўжо створаны добрыя ўмовы для таго, каб выпускнікі маглі асвоіць айчынную тэхніку, яе ўзоры размешчаны ў спецыялізаваных класах, што павышае якасць адукацыйнага працэсу з акцэнтам на практычную дзейнасць. Улічваючы пастаяннае павышэнне складанасці сельгастэхнікі, Беларусь, паводле слоў Прэзідэнта, гатова прыкласці намаганні для навучання не толькі будучых механізатараў у Мардовіі, але і інжынераў, якія будуць потым маштабаваць гэтыя навыкі.

Асобна на сустрэчы абмяркоўваўся яшчэ адзін, трэці напрамак супрацоўніцтва - фармацэўтыка. Прэзідэнт адзначыў магчымасць устанаўлення ўзаемадзеяння паміж Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам і Мардоўскім дзяржаўным універсітэтам у частцы падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі спецыялістаў, што асабліва актуальна з улікам адкрыцця Федэральнага цэнтра развіцця біятэхналогій і медыцыны ў Саранску ў пачатку бягучага года.

Прапанова беларускага боку па лініі фармтэхналогій датычылася таксама арганізацыі выпуску на вытворчых магутнасцях "Белмедпрэпаратаў" лекавых прэпаратаў з партфеля групы кампаній "Прамамед", галоўная вытворчая пляцоўка якой размешчана ў Саранску. "Думаю, што тут мы можам дасягнуць пэўных вынікаў, тым больш што вы знаёмы з нашымі прадпрыемствамі і нашай прадукцыяй", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы пра развіццё гуманітарнага супрацоўніцтва з гэтым расійскім рэгіёнам, кіраўнік дзяржавы прапанаваў зрабіць акцэнт на сумеснай рабоце ў сферы кінавытворчасці. "Вы ўмееце гэта рабіць. Мы былі б вельмі зацікаўлены ў абмене вопытам і дапамозе кадравай. Мы вялікую ўвагу цяпер удзяляем кінематаграфіі. Кіно - найважнейшае з мастацтваў, як гаварыў некалі класік", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт расказаў аб тым, што ёсць задума зняць шматсерыйны фільм пра Лі Харві Освальда. Як вядома, у 1960-я гады гэты амерыканец прыехаў у Савецкі Саюз і пражыў у Мінску амаль два з паловай гады, працаваў токарам на Мінскім радыёзаводзе імя Леніна. "Былі б у гэтым вельмі зацікаўлены і маглі б прадаставіць свае паслугі, пляцоўку і заняцца пошукам фінансавання гэтага, упэўнены, вельмі цікавага фільма", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Упэўненасць у тым, што такое кіно будзе цяпер запатрабавана, надае тое, што тэма забойства Джона Кенэдзі і датычнасці да гэтага Лі Харві Освальда ў амерыканскім грамадстве і цяпер захоўвае актуальнасць і выклікае цікавасць. "Гэта тэма ў Злучаных Штатах Амерыкі цяперашнім Прэзідэнтам Дональдам Трампам актыўна ўзнімалася. Калі своечасова здымем гэты фільм, будзе дарэчы, актуальным будзе фільм", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт не выключыў, што прадстаўнікі кінематографа з абодвух бакоў, магчыма, прапануюць для стварэння фільмаў і іншыя тэмы. "У беларуска-расійскім напрамку можна шмат агульных тэм знайсці з гісторыі, вельмі карысных для нас у тым ліку", - упэўнены кіраўнік дзяржавы.

"Словам, мы гатовы і адкрыты для супрацоўніцтва з вельмі добрым народам, які пражывае на вашай цудоўнай зямлі - Мардовіі", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Арцём Здунаў падзякаваў за цёплы прыём, магчымасць праз два гады пасля дасягнення ранейшых дамоўленасцей падвесці прамежкавыя вынікі і паставіць новыя задачы. "Мы прыехалі падрыхтаваныя. На сённяшні дзень 60 прадпрыемстваў Мардовіі працуюць у Рэспубліцы Беларусь, рэалізуюць сумесныя праекты. 20 прысутнічаюць тут (у складзе дэлегацыі. - Заўвага БЕЛТА). Гэта ўладальнікі, кіраўнікі прадпрыемстваў, якія прымаюць рашэнні, - расказаў ён. - Мы бачым пэўны рост, але вельмі стрымана пакуль да гэтага ставімся. Таму што патэнцыял значна вышэйшы. Мае калегі разумеюць, што трэба дапрацоўваць, даціскаць гэта пытанне".

У ліку асноўных арыенціраў у развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю кіраўнік Мардовіі назваў кааперацыю, сумесныя продажы на знешніх рынках і забеспячэнне сэрвіснага абслугоўвання. "Пяць прадпрыемстваў Мардовіі ўжо маюць дылерскія цэнтры на тэрыторыі Беларусі. Гэта пытанне даверу, хуткага сэрвісу. Перш за ўсё гэта кабельная прамысловасць, паўправаднікі, святлотэхнічная прамысловасць", - сказаў ён.

Арцём Здунаў таксама адзначыў, што візіт дэлегацыі супаў з Тыднем бацькоўскай любові, які праходзіць у Беларусі. У гэтым плане ён звярнуў увагу на важнасць выхавання падрастаючага пакалення ў духу традыцыйных каштоўнасцей: "Для нас гэта прынцыповыя цяпер рэчы. Усё, што мы рамантуем, будуем, робім, - гэта для будучых пакаленняў. Тут ідзе пытанне проста аб фізічнай наяўнасці нашага будучага пакалення. Аб нараджальнасці і дэмаграфіі. І другое пытанне - аб выхаванні нашых нашчадкаў. Мы выраслі на гэтым на ўсім. Але ўпершыню ў жыцці з'явілася такая магчымасць. Нашых дзяцей трэба выхоўваць разам у адзінай парадыгме".

Што датычыцца гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі з Мардовіяй, за перыяд з 2020 года найбольшы аб'ём тавараабароту быў у 2023 годзе - $161,6 млн. За мінулы год ён склаў амаль $134 млн, а беларускі экспарт практычна дасягнуў $39 млн, павялічыўшыся на 3,7 працэнта ў параўнанні з 2023-м.

За студзень - жнівень бягучага года тавараабарот склаў амаль $64 млн. На экспарт з Беларусі пастаўляліся ў асноўным палімеры этылену, машыны і ўстройствы для пад'ёму, перамяшчэння, пагрузкі або разгрузкі, мяса і харчовыя субпрадукты свойскай птушкі. Імпартаваліся пераважна ізаляваныя правады, кабелі, алюмініевы і медны дрот.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі