Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

12 Dec 2019

Лукашэнка: трэба шукаць новыя кропкі росту ў развіцці супрацоўніцтва Беларусі і Татарстана

Лукашэнка: трэба шукаць новыя кропкі росту ў развіцці супрацоўніцтва Беларусі і Татарстана

12 снежня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае неабходнасць пошуку новых кропак росту для далейшага развіцця супрацоўніцтва з Татарстанам. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы з Прэзідэнтам Татарстана Рустамам Мініханавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Татарстан з'яўляецца самым значным партнёрам Беларусі ў Прыволжскай федэральнай акрузе Расійскай Федэрацыі. Узаемны тавараабарот па выніках 2018 года наблізіўся да $1,3 млрд. "Каб захаваць і прымножыць такі дастойны вынік, нам трэба шукаць новыя кропкі росту. Галоўным вектарам узаемадзеяння ў гэтым напрамку бачыцца павелічэнне аб'ёмаў інавацыйнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, менавіта на прынцыпах укаранення ў практыку перадавых тэхналогій і навуковых дасягненняў развіваецца важны кааперацыйны праект па стварэнні газаматорнай тэхнікі, па якім вядомыя беларускія прадпрыемствы МАЗ, МТЗ, "Амкадор", БелАЗ актыўна супрацоўнічаюць з татарстанскім холдынгам "РарыТЭК". За апошнія два гады сабрана амаль 200 аўтобусаў, якія працуюць на газе. У 2020 годзе будзе выраблена яшчэ столькі ж адзінак такой тэхнікі.

Сумесна з Мінскім маторным заводам пашыраецца работа па вытворчасці чатырох- і шасціцыліндравых газавых рухавікоў для трактароў МТЗ і машын "Амкадор". Плануецца перавод на гэты від паліва самазвалаў БелАЗ.

"Гэтыя прыклады пацвярджаюць, што мы выбралі шлях не канкурэнцыі, а партнёрства. Развіваецца самадастатковае ўзаемадзеянне - ствараюцца новыя рабочыя месцы, прадастаўляюцца роўныя магчымасці для прадпрыемстваў Беларусі і Татарстана. Распаўсюджванне гэтага паказальнага вопыту на іншыя рэгіёны Расіі забяспечыла б большую аддачу ад эканамічнага дыялогу", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што Беларусь мае сур'ёзныя магчымасці ў галіне нана- і біятэхналогій, а Парк высокіх тэхналогій з'яўляецца адным з буйнейшых кластараў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе ў галіне распрацоўкі камп'ютарных прадуктаў. "Гатовы наладзіць цеснае ўзаемадзеянне ў гэтай сферы з казанскім ІТ-паркам і іншымі навукова-вытворчымі цэнтрамі Татарстана", - сказаў ён.

Ключавым напрамкам застаецца супрацоўніцтва ў нафтахімічным сектары, на долю якога прыпадае палова тавараабароту. "Добра, што вы сёння прыехалі. Мы якраз вядзём з Расіяй дыялог па выбудоўванні супрацоўніцтва ў галіне нафты. І я думаю, што сённяшняя размова (мы аб гэтым пагаворым) будзе вельмі важнай не толькі ў інфармацыйным плане, але і ў сувязі з работай у гэтым сектары", - адзначыў беларускі лідар.

Таксама ёсць перспектывы для больш шырокага ўзаемадзеяння ў сферы экалагічнай бяспекі. У 2019 годзе Расія ўключыла ў парадак дня актуальнае ва ўсім свеце пытанне перапрацоўкі адходаў і другаснай сыравіны, заўважыў кіраўнік беларускай дзяржавы. "У гэтай сферы мы гатовы з вамі супрацоўнічаць, аж да будаўніцтва смеццеперапрацоўчых заводаў пад ключ. У нас аналагічнае прадпрыемства функцыянуе ў Брэсце", - прапанаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ў Беларусі і Татарстана ёсць вялікія магчымасці і перспектывы для развіцця сумесных рэгіянальных праектаў, кантактаў медыцынскіх і адукацыйных устаноў, маладзёжных арганізацый.

Ён таксама выказаў удзячнасць за стварэнне камфортных умоў для беларускай каманды ў Казані, дзе праходзіў чэмпіянат свету па прафесійным майстэрстве WorldSkills 2019, на якім удзельнікі ад Беларусі заваявалі высокія месцы ў шэрагу катэгорый.

"Паглыбленне кааперацыі ў машынабудаванні, рэалізацыя праектаў у галіне інавацый павінны весці да росту двухбаковага гандлю. Перакананы, у бліжэйшай перспектыве ў нас ёсць усе магчымасці дасягнуць гадавога тавараабароту ў памеры $2 млрд, вядома ж, каб з такой магутнай рэспублікай у нас неяк быў больш збалансаваны тавараабарот. Хоць я разумею - тыя аб'ёмы нафты, якія мы купляем, вядуць да перакосу нашага тавараабароту. Але калі захочам, мы яго зможам збалансаваць. Мы таксама гатовы разгледзець усе вашы прапановы і прыняць адпаведныя рашэнні", - заявіў беларускі лідар.

Ён таксама падзякаваў Прэзідэнту Татарстана за супрацоўніцтва ў галіне паставак і продажу беларускай тэхнікі. "Асабліва МАЗ. Нягледзячы на тое, што ў вас КамАЗ пад бокам, вы ўсё ж такі акуратна ставіцеся да нашых тэхнічных тавараў, у тым ліку да нашага прадпрыемства. Гэта добры паказчык. Вы даяце магчымасць на сваім рынку працаваць нашым прадпрыемствам. Мы гэта вельмі цэнім", - заўважыў Прэзідэнт Беларусі.

Па выніках 2018 года тавараабарот паміж Беларуссю і Татарстанам склаў $1 млрд 282,4 млн (107,7 працэнта да ўзроўню 2017 года), экспарт - $282,7 млн, імпарт - $999,7 млн.

У Татарстане функцыянуюць дзве вытворчасці беларускай тэхнікі: трактароў МТЗ і ліфтаў "Магілёўліфтмаш". Усяго ў рэгіёне працуюць чатыры кампаніі, створаныя з удзелам беларускага капіталу, арганізавана дылерская сетка беларускіх прадпрыемстваў, маюцца аптовыя склады, гандлёва-фірменная сетка шэрага вытворцаў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі