27 верасня, Шклоўскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы ў час рабочай паездкі ў Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці ЗАТ "ААБ-Агра Гарадзец", падкрэсліў важнасць работы і дысцыпліны для развіцця эканомікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Лепш працаваць на зямлі, чым ваяваць, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Таму давайце працаваць, каб была эканоміка. І жалезная павінна быць дысцыпліна. Сістэму трэба стварыць такую, дзе ўсе павінны быць дысцыплінаванымі: сказаў гэта - трэба зрабіць. Не трэба нічога больш. Толькі вось гэта зрабіць".
У гэтым плане кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў ролю кіраўнікоў на месцах і арыентаваў мясцовую вертыкаль і цяперашняга маладога кіраўніка гаспадаркі быць больш патрабавальнымі ў адносінах да работнікаў. Не лічыць да трох, вобразна кажучы, у чаканні выканання пастаўленых задач ці даручэнняў, заахвочваць тых, хто добра працуе, і караць рублём за недахопы. "Трэба, каб працавала сістэма: ты за гэта адказваеш, ты - за гэта. Трэба, каб людзі варушыліся", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што з боку дзяржавы было нямала зроблена для таго, каб стварыць умовы для жыцця людзей, сацыяльную інфраструктуру. "А як бы вы жылі, калі б дзяржава не дапамагла? Я намякаю на тое, што за вамі даўжок (у сэнсе адказнай работы дзеля будучыні сваёй і сваёй краіны)", - дадаў беларускі лідар.