Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

5 Крс 2018

Лукашэнка ставіць задачу асучасніць сістэму ідэалагічнай работы ў Беларусі

Лукашэнка ставіць задачу асучасніць сістэму ідэалагічнай работы ў Беларусі

5 красавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ставіць задачу асучасніць сістэму ідэалагічнай работы ў краіне. Аб гэтым ён заявіў сёння, назначаючы Уладзіміра Жаўняка намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У сферы ідэалогіі нам трэба выбудоўваць добрую сістэму. І работы непасрэдна з людзьмі. І асучасніваць яе. Таму што ездзіць па працоўных калектывах і з імі весці дыялог, размаўляць - гэта вельмі важна, заўсёды з людзьмі трэба размаўляць. Але гэтага ўжо мала. Ва ўсе працоўныя калектывы не паедзеш і з дзесяццю мільёнамі не перагаворыш. А ідэалагічнай работай трэба займацца ўсім, пачынаючы ад Прэзідэнта і заканчваючы кіраўнікамі прадпрыемстваў. Якая гэта будзе сістэма - вам з кіраўніком Адміністрацыі яе выбудоўваць і з вашымі падначаленымі", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што на адпаведную пасаду даволі доўга падбіралі кандыдатуру, улічваючы асаблівую спецыфіку ідэалагічнай работы. "Гэта павінны быць людзі, проста вылепленыя нейкім скульптарам. Іх шмат не бывае. Гэта адзінкі наогул. Калі ўзяць не толькі вашу адміністрацыйную работу, але і ідэалагічную. Тут патрэбны вельмі тонкі падыход", - падкрэсліў ён.

Звяртаючыся да Уладзіміра Жаўняка, кіраўнік дзяржавы сказаў: "Вы чалавек, можна сказаць, ваенны. Былых ваенных не бывае. Гэта таксама добра. Мы вельмі ўжо разглагольстваваць па розных пытаннях навучыліся замест таго, каб браць і рабіць нешта, ствараць сістэму, патрабаваць. Каб гэта было прыгожа, добра. І ўжо менш трэба размаўляць, а больш дзейнічаць".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў неабходнасць сумеснай работы па зададзеных напрамках з іншымі кіраўнікамі ў Адміністрацыі Прэзідэнта, аднак адзначыў і важнасць наяўнасці ўласнага меркавання па тых ці іншых пытаннях. "У вас пасля назначэння будзе адзін начальнік - гэта Прэзідэнт. І калі вы з кіраўніком Адміністрацыі ў нечым не згодны (хоць з ёй цяжка не згадзіцца, яна чалавек таксама абсалютна дзяржаўны), калі вам прэс-сакратар Прэзідэнта будзе на нешта намякаць, вы павінны мець сваю пазіцыю, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Калі яны вам падказваюць тое, што падыходзіць, зыходзячы з нашага жыцця, добра, рабіце. Калі вы не згодны - зніміце трубку і скажыце. Таму што вашы памылкі, калі яны будуць, яны будуць толькі вашымі. Ні кіраўніка Адміністрацыі, ні прэс-сакратара, ні кіраўнікоў БЕЛТА або тэлекампаній, радыё. Гэта будуць вашы памылкі. Гэта самая, напэўна, складаная пасада, самая цяжкая работа".

Прэзідэнт таксама расказаў, што ад пасады намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, які курыраваў бы ідэалогію, некаторы час таму спрабавалі адмовіцца і падняць адпаведны напрамак работы на ўзровень першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі. "Але ад гэтай ідэі, шчыра кажучы, сёння і я, і кіраўнік Адміністрацыі адмаўляемся. Нам патрэбны такі чалавек, які будзе ўмець і сам размаўляць з людзьмі, і займацца са сродкамі масавай інфармацыі, арганізоўваць іх, і іншымі пытаннямі, якія датычацца ідэалогіі нашай дзяржавы. Гэта ідэалагічная работа, гэта асноўнае", - заявіў беларускі лідар.

Як было адзначана пры назначэнні, сфера адказнасці новага намесніка кіраўніка Адміністрацыі будзе ўключаць ідэалагічную работу, СМІ і грамадскія арганізацыі. У сваю чаргу першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прадоўжыць курыраваць такія напрамкі, як адукацыя, культура, спорт, міжнародная дзейнасць.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі