Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

20 Май 2016

Лукашэнка прыбыў з візітам у Італію

Лукашэнка прыбыў з візітам у Італію

20 мая, Рым /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыбыў з візітам у Італію. Самалёт кіраўніка беларускай дзяржавы зрабіў пасадку ў рымскім аэрапорце Чампіна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ля трапа самалёта Прэзідэнта Беларусі сустракалі паўнамоцны міністр службы дыпламатычнага пратакола Міністэрства замежных спраў і міжнароднага супрацоўніцтва Італіі Крысціяна Катафаві, асабісты прадстаўнік Папы Рымскага, аргенцінскі дырэктар пратакола Гільерма Кархер і прадстаўнік Дзяржаўнага сакратара Ватыкана Файман Дэнэлі.

Праграмай візіту 20 мая запланавана сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Італіі Серджа Матарэла. Плануецца разгледзець увесь спектр беларуска-італьянскіх адносін з акцэнтам на гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае ўзаемадзеянне, развіццё кааперацыйных сувязей. Асобную ўвагу плануецца ўдзяліць фарміраванню паўнацэннай нарматыўнай базы беларуска-італьянскага супрацоўніцтва.

Таксама адбудзецца візіт Прэзідэнта Беларусі ў Дзяржаву Ватыкан, дзе на 21 мая запланавана яго сустрэча з Папам Рымскім Францыскам. На сустрэчы будзе абмяркоўвацца далейшае развіццё супрацоўніцтва Беларусі з Рымска-каталіцкай царквой.

Італія традыцыйна ўваходзіць у лік асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі сярод краін па-за СНД. Наменклатура беларускага экспарту ў гэту краіну ў 2015 годзе налічвала амаль дзве сотні пазіцый. Найбольш запатрабаванымі на італьянскім рынку былі калійныя ўгнаенні, трубы, вырабы з чорных металаў, дубленая скура.

Асноўны аб'ём імпарту з Італіі ў 2015 годзе, як і раней, прыпаў на высокатэхналагічныя станкі і абсталяванне, а таксама хімічныя рэчывы і матэрыялы, што не вырабляюцца ў Беларусі, лякарствы і медыцынскую тэхніку.

Нягледзячы на значнае зніжэнне аб'ёму беларуска-італьянскага тавараабароту, у тым ліку пад уплывам знешніх эканамічных фактараў, па выніках мінулага года ён склаў $766,7 млн. У асобныя гады гэты паказчык перавышаў $2 млрд. Абарот паслугамі з Італіяй у 2015 годзе склаў амаль $60 млн.

Сукупныя італьянскія інвестыцыі ў беларускую эканоміку ў мінулым годзе склалі $28,8 млн, з якіх практычна ўсе - прамыя. Паводле даных на пачатак 2016 года, у Беларусі дзейнічаюць 204 юрыдычныя асобы, створаныя з удзелам суб'ектаў Італьянскай Рэспублікі.

У Мінску 23 лютага бягучага года праведзены першае пасяджэнне міжурадавай беларуска-італьянскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве і беларуска-італьянскі бізнес-форум.

Традыцыйна актыўна развіваецца і супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. На працягу шэрага гадоў Італія з'яўляецца асноўным партнёрам Беларусі па арганізацыі аздараўлення беларускіх дзяцей. Так, за 1991-2015 гады аздараўленне ў гэтай краіне прайшлі 463,5 тыс. непаўналетніх грамадзян Беларусі.

Супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Ватыканам таксама актыўна развіваецца. Раней, у 2009 годзе, Аляксандр Лукашэнка ўжо наведваў Ватыкан і сустракаўся з Бенедзіктам XVI, папярэднікам Папы Рымскага Францыска. Беларусь з візітам таксама не раз наведвалі высокапастаўленыя прадстаўнікі Ватыкана. У сакавіку мінулага года Беларусь наведваў Дзяржаўны сакратар Ватыкана кардынал П'етра Паралін.

Рымска-каталіцкая царква ў Беларусі аб'ядноўвае 4 епархіі, у складзе якіх 493 абшчыны. Дзейнічаюць 5 духоўных навучальных устаноў, 11 місій і 9 кляштараў. Абшчыны маюць 491 касцёл, а яшчэ 37 знаходзяцца ў стадыі будаўніцтва.

За некалькі дзён да візіту Аляксандра Лукашэнкі ў музеях Ватыкана адкрылася выстава "Іканапіс Беларусі XVII-XXI стагоддзяў з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь". Гэта экспазіцыя прымеркавана да пазачарговага юбілейнага (святога) Года міласэрнасці, які аб'яўлены Папам Рымскім Францыскам. Выстава, якая будзе працаваць на працягу некалькіх месяцаў, уключае 31 абраз беларускіх іканапісцаў і 2 чаканныя аправы. Беларускія абразы ўпершыню экспануюцца на выставе ў музеі Ватыкана, у непасрэднай блізкасці ад знакамітай Сіксцінскай капэлы з творамі Мікеланджэла. Дзякуючы гэтаму спецыялісты і шматлікія турысты з усяго свету змогуць пазнаёміцца з унікальнымі творамі беларускай сакральнай культуры.Беларусь - Італія: гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі