18 красавіка, Кішынёў /Кар. БЕЛТА/. Беларусь гатова супрацоўнічаць з Малдовай па ўсіх напрамках, якія цікавыя гэтай краіне, заявіў сёння журналістам Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Хачу сказаць проста і даступна, няхай нас пачуюць і ў Амерыцы, і ў Еўрасаюзе, і на Усходзе: у нас няма закрытых тэм для супрацоўніцтва. Мы гатовы з вамі супрацоўнічаць, пачынаючы ад ВПК (калі вам гэта патрэбна) і заканчваючы любой грамадзянскай прадукцыяй, сельскай гаспадаркі, прадуктаў харчавання", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь гатова дзейнічаць максімальна хутка, калі да гэтага будуць гатовы малдаўскія партнёры. "Мы гатовы настолькі, наколькі гатовы вы. Давайце не будзем траціць час", - заклікаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што Беларусі і Малдове не трэба замыкацца на звычайным гандлі, а трэба ствараць сумесныя прадпрыемствы. Работа ў гэтым напрамку вядзецца ўжо даўно, аднак яе трэба актывізаваць. "Больш таго, мы падрыхтуем вам спецыялістаў", - дадаў Прэзідэнт.