Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

26 Жнв 2019

Лукашэнка патрабуе забяспечыць падрыхтоўку да школы ўсіх без выключэння дзяцей

Лукашэнка патрабуе забяспечыць падрыхтоўку да школы ўсіх без выключэння дзяцей

26 жніўня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе забяспечыць падрыхтоўку да школы ўсіх без выключэння дзяцей. Аб гэтым ён заявіў сёння, прымаючы з дакладам міністра адукацыі Ігара Карпенку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Дзеці ідуць у школу. Самае галоўнае маё патрабаванне ў гэтыя дні - дзеці павінны быць аднолькавымі - яны павінны быць добра адзетыя (я не гавару, што аднолькава адзетыя, але добра адзетыя). Хто танней, хто багацей. Мы багатых не прымусім адзяваць сваіх дзяцей прасцей. Калі яны хочуць адзець неяк палепш (можа, у іх касцюмы будуць з нейкіх імпартных тканін або кашулі нейкія іншыя і гальштукі), гэта іх права. Але ўсе дзеткі павінны быць добра адзетыя, прыйсці з добрымі партфелямі ў школу. Яны павінны мець такія ж падручнікі, як усе дзеці. І гэтак далей", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Таму трэба ў астатнія дні звярнуць асаблівую ўвагу на тых, хто з-за пэўных абставін не можа ўдзяліць дастаткова ўвагі сваім дзеткам. Гэта вось такое чалавечае да вас патрабаванне", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ён традыцыйна звяртае ўвагу на пытанні ў школьнай адукацыі. "Дзеці ідуць у школу. Звычайнае патрабаванне. Каб зноў нашы "свядомыя" не палічылі, што Прэзідэнт перадвыбарную кампанію праводзіць і гэтак далей. Я проста хачу, выпадак выдаўся, сказаць, што я ў парламент не збіраюся выбірацца. Таму ніякай перадвыбарнай кампаніі асабіста ў Прэзідэнта няма і быць не можа", - падкрэсліў ён.

"А тое, што ў краіне парламенцкія выбары, я як кіраўнік дзяржавы (з мяне абавязкі ніхто не здымаў) павінен займацца гэтымі палітычнымі рэчамі. Прынамсі, каардынаваць гэту работу. Ні для каго не сакрэт. Я гэта да таго сказаў, што не хацелася б, каб і гэта сустрэча была аформлена перш за ўсё так званымі свядомымі як перадвыбарная нейкая кампанія. Я заўсёды цікаўлюся сітуацыяй у школах. Прытым публічна гэта раблю ў розных формах", - дадаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што да Дня ведаў плануе пабываць у школах, каб яшчэ раз акунуцца ў пытанні, якімі жыве гэта сфера. Ён звярнуў увагу, што месцамі ёсць праблема з перапоўненасцю школ і ў гэтым годзе да 1 верасня ўводзяцца ў строй восем школ-новабудоўляў. Недзе не хапае дзіцячых садоў, над вырашэннем гэтай праблемы таксама працуюць. "Дзякуй богу, што не хапае. Мы іх таксама дзясяткамі ўводзім і будзем уводзіць. Толькі б нараджалі. Нам патрэбны дзеці, таму мы павінны забяспечыць іх утрыманне", - сказаў Прэзідэнт.

У сувязі з гэтым ён заўважыў, што некаторыя СМІ выдаюць як дасягненне той факт, што ў Беларусі будуюцца адукацыйныя ўстановы, дзе пад адным дахам знаходзяцца дзіцячы сад і школа. Аднак гэта практыка ў краіне ёсць ужо даволі даўно, і кіраўнік дзяржавы лічыць яе правільнай. Такі падыход рэалізаваны ў многіх аграгарадках, вёсках, райцэнтрах. "Мы ўжо 10 з лішнім гадоў гэта робім. І такім шляхам трэба ісці", - сказаў ён.

У цэлым Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад міністра не справаздачы, а абазначэння праблемных момантаў у той ці іншай сферы адукацыі, ад дашкольнай і да ВНУ. "Мяне цікавяць праблемы з пачаткам навучальнага года ў школах. Зразумела, яны ёсць. Я хацеў бы ведаць, як міністр і Міністэрства адукацыі бачаць гэтыя праблемы", - абазначыў адно з пытанняў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама падрабязна спыніўся на тэме магчымага ўдасканалення сістэмы паступлення ў ВНУ, нагадаў аб задачы па павышэнні ўзроўню даходаў у адукацыі, закрануў тэму загрузкі вучняў у школах і падкрэсліў важнейшую ролю настаўніка ў беларускім грамадстве. Размова ішла і ад якасці новых падручнікаў, якая часам выклікае крытыку. Усе гэтыя і іншыя пытанні давядзецца комплексна абмеркаваць на вялікай нарадзе з удзелам шырокага кола экспертаў па развіцці адукацыйнай сферы, якая, як чакаецца, адбудзецца ў лістападзе-снежні пасля парламенцкіх выбараў. "У гэтым годзе мы плануем пасля парламенцкіх выбараў, правядзём такое сур'ёзнае мерапрыемства - мазгавы штурм", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Вось комплекс пытанняў, якімі я жыву цяпер, у пачатку навучальнага года, і якімі як бацьку мне даводзіцца пастаянна займацца. Я маю магчымасць назіраць за тым, што адбываецца ў школе, у ВНУ. У вялікай сям'і (у маіх дзяцей) ёсць студэнты, у якіх я цікаўлюся, як справы. Прытым я цяпер не стаўлю пад сумненне або нейкую крытыку сістэму (адукацыі. - Заўвага БЕЛТА) у цэлым. Дзякуй богу, у нас хоць невялікая дынаміка, з майго пункта гледжання, але ёсць у станоўчы бок. Але мы не павінны не бачыць недахопы, якія існуюць. У адваротным выпадку потым нам будзе складаней іх пераадольваць. Я хачу, каб вы звярнулі ўвагу ў сённяшнім дакладзе менавіта на  недахопы, на чым трэба сканцэнтраваць увагу", - сказаў Прэзідэнт.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі