Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

24 Снж 2019

Лукашэнка: мы ніякім суверэнітэтам не дзелімся - ні Расія, ні Беларусь

Лукашэнка: мы ніякім суверэнітэтам не дзелімся - ні Расія, ні Беларусь

24 снежня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Развіццё саюзных адносін не вядзе да страты суверэнітэту. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў інтэрв'ю галоўнаму рэдактару радыёстанцыі "Рэха Масквы" Аляксею Венядзіктаву, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Супярэчнасці ніякай няма. Мы дзве суверэнныя незалежныя дзяржавы - Беларусь і Расія. Мы цяпер развіваем тую інтэграцыю, якая ніколькі не прымяншае суверэнітэт ні Расіі, ні Беларусі. Што такое суверэнітэт? Гэта ўлада над тэрыторыяй. У нас ёсць граніцы, у Расіі ёсць граніцы, улада ажыццяўляецца ў гэтых граніцах. І мы ніякім суверэнітэтам не дзелімся. Ні Расія, ні Беларусь", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Што датычыцца сучаснага моманту па інтэграцыйных пытаннях: ёсць так званая 31-я карта. Вы таксама пра яе гаварылі. Гэта план будаўніцтва наднацыянальных органаў. Парламент магчыма, прэзідэнт будзе і іншае. Мы наогул на гэту тэму з Пуціным дамовіліся не размаўляць. Так, ва ўрадзе паспрабавалі ўвязаць. Не ведаю толькі навошта, - сказаў Прэзідэнт. - 30 гэтых карт, якія датычацца ў асноўным эканамічных пытанняў, - мытня, эканоміка, абарона прасторы нашай і гэтак далей. Планы тых шляхоў, па якіх мы ўжо рухаемся. Аснова - эканоміка. Ну і абарона, дыпламатыя, мы ж таксама гэтым займаемся, чым і адрозніваемся ад ЕАЭС. А 31-я карта - гэта план будаўніцтва або завяршэння будаўніцтва саюза з наднацыянальнымі органамі".

"Мы наогул выключылі размову на гэту тэму яшчэ ў Сочы. Але некаму хочацца. І ўсё падсоўваюць, асабліва праз урад (нядаўна прачытаў - Дзмітрый Анатольевіч пра гэта зноў выказаўся). Ён не быў у Піцеры на перагаворах, таму не ведае нават слоў, якія сказаў ваш Прэзідэнт. Даслоўна - у Піцеры, калі мы засталіся: слухайце, што мы зноў з гэтай 31-й картай, мы ж з Прэзідэнтам Беларусі дамовіліся, мы наогул не чапаем гэтыя пытанні. Навошта вы лезеце зноў і звязваеце гэтыя пытанні з пытаннямі падатковай сістэмы, эканомікі і гэтак далей?" - адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што з Пуціным сапраўды была дасягнута адпаведная дамоўленасць. "Таму ўся канспіралогія ў вас цяпер у Расіі будуецца на тым: ах, застанецца Прэзідэнт пасля 2024 года ці не. Гэта ваша пытанне. Часткова і наша, таму што як бы мы тут ні гаварылі, Беларусь і Расія настолькі блізкія адна адной (без усялякіх планаў інтэграцыі), што нас хвалюе, хто будзе кіраваць Расіяй. Гэтак жа як Расію хвалюе, што будзе далей з Беларуссю, асабліва пасля Лукашэнкі", - сказаў Прэзідэнт.

Ён лічыць, што Расія ні ў якім разе не хацела б страціць Беларусь. "Я Пуціну груба сказаў: ведаеце, я вас разумею, страціць Беларусь - гэта горш, чым страціць кавалак недзе Расіі".

Разам з тым кіраўнік дзяржавы лічыць, што гэта "наогул нерэальна і немагчыма" ў цяперашніх умовах. "Нават не будуйце такіх планаў і не пішыце аб гэтым і ў віртуальным свеце, не разважайце. Расія ніколі не будзе ваяваць з Беларуссю, як некаторыя думаюць. Асабліва на Захадзе мяне палохаюць: пасля Украіны - вы", - адзначыў беларускі лідар.

Гэту сваю пазіцыю ён растлумачыў тым, што ў беларуска-расійскіх адносінах няма "рэвалюцыйнай" сітуацыі.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што напярэдадні крызісу ў адносінах з Расіяй ва Украіне па шэрагу пытанняў, уключаючы моўную і нацыянальную, накручваўся клубок супярэчнасцей. "Пытанняў, якіх не павінна быць ва Украіне. І гэты клубок накручваўся, накручваўся. Януковіча звергнулі і гэтак далей. І Януковіч куды рынуўся - на Данбас. Ён хацеў, каб Данбас стаў апорай яго наступлення. Праўда, Данбас яго адвергнуў. Але ідэі засталіся - процістаянне з Кіевам і да таго падобнае. Адтуль пачалася гэта заваруха. Гэта было на маіх вачах. Таму я гэта вельмі добра ведаю", - адзначыў Прэзідэнт.

"Як бы там ні было, я не апраўдваю цяпер Расію. Я не папракаю Украіну. Але як бы там ні было, Украіна хоць маленькую, але дала падставу да гэтага сутыкнення", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Адказваючы на пытанне, чаму Беларусь гіпатэтычна магла б адвярнуцца ад Расіі, Прэзідэнт сказаў: "Калі вы будзеце на нас націскаць пастаянна, пачынаючы ад газавай трубы, нафтавай і іншага. І кожны год мы будзем пад Новы год гэтым займацца. І калі вы будзеце нам увесь час пісаць і гаварыць у вашым віртуальным свеце, што мы ў вас нахлебнікі, гіра на нагах, што мы (Расія. - Заўвага БЕЛТА) вам усё тут аддаём, а вы такія-сякія. Тады мы скажам: дзякуй, не трэба!"

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не толькі Расія аказвае пэўную падтрымку Беларусі, але і Беларусь аказвае расійскаму боку велізарную колькасць паслуг. Гэту інфармацыю кіраўнік беларускай дзяржавы ў тым ліку прадставіў на нядаўніх перагаворах з Прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. "Не толькі мы вам каштуем, але і мы вам аказваем вялікую колькасць паслуг, якія часам нельга ацаніць. Усё ў грошах не прапішаш, гэта не бухгалтэрыя", - заявіў ён.

Прэзідэнт дадаў, што ва ўрадзе Расіі і Уладзімір Пуцін - прагматычныя людзі і па пэўных напрамках падтрымліваюць Беларусь не проста так. "Вы - нам, мы - вам", - абазначыў адпаведную схему ўзаемаадносін кіраўнік дзяржавы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі