25 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета і IV Еўразійскі эканамічны форум (ЕЭФ) адбудуцца ў Мінску 26 і 27 чэрвеня. Мерапрыемствы арганізаваны ў рамках старшынства Беларусі ў органах Еўразійскага эканамічнага саюза ў 2025 годзе. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка будзе старшынстваваць на саміце ЕАЭС, а таксама разам з іншымі кіраўнікамі дзяржаў прыме ўдзел у пасяджэнні пленарнай сесіі форуму. На мерапрыемствах запланавана прысутнасць прадстаўнічых дэлегацый з некалькіх дзясяткаў краін.
Еўразійскі эканамічны форум пачне сваю работу 26 чэрвеня на пляцоўцы Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра. Прэзідэнт Беларусі прыме ўдзел у пленарнай сесіі на тэму "Стратэгія Еўразійскай эканамічнай інтэграцыі: вынікі і перспектывы". Усяго ў праграме форуму правядзенне шасці буйных тэматычных блокаў, што ўключаюць 35 мерапрыемстваў, удзельнікамі якіх стануць больш як 2,7 тыс. чалавек з 33 краін.
Саміт лідараў ЕАЭС пройдзе 27 чэрвеня ў Палацы Незалежнасці пад старшынствам Аляксандра Лукашэнкі. У парадку дня пасяджэння - актуальныя пытанні еўразійскай інтэграцыі, якія датычацца міжнароднай дзейнасці, стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі, лібералізацыі паслуг у ЕАЭС, эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне спорту, а таксама развіцця гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння з асноўнымі партнёрамі ЕАЭС.