30 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь бачыць у СНД і ЕАЭС сур'ёзных удзельнікаў стварэння справядлівага шматпалярнага светаўладкавання. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 30 верасня на сустрэчы з кіраўнікамі ўрадавых дэлегацый, якія ўдзельнічаюць у пасяджэннях Еўразійскага міжурадавага савета і Савета кіраўнікоў урадаў СНД, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сусветная большасць імкнецца да супрацоўніцтва на прынцыпах раўнапраўя, узаемапавагі, без дыктату і пагроз, незаконных абмежаванняў і прымусу. І гэта пацвердзіў саміт ШАС, які нядаўна адбыўся ў КНР.
"Беларусь бачыць у СНД і ЕАЭС сур'ёзных удзельнікаў працэсу стварэння справядлівага шматпалярнага светаўладкавання, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Па сутнасці, праз ЕАЭС і СНД сфарміраваўся шматузроўневы механізм рэгіянальнага ўзаемадзеяння, нацэлены на спалучэнне інтэграцый".
На думку беларускага лідара, СНД павінна замацавацца як аўтарытэтная, уплывовая арганізацыя, якая на справе садзейнічае ўмацаванню раўнапраўных адносін у палітычнай і гуманітарнай сферах.
У сваю чаргу ЕАЭС павінен стаць прыкладам пабудовы трывалых эканамічных сувязей на прынцыпах адкрытасці і ўзаемнай выгады, упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт запэўніў, што Беларусь будзе і ў далейшым актыўна садзейнічаць умацаванню партнёрства паміж краінамі і развіццю інтэграцыі ва ўсіх формах.