3 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Мінску прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці новай 42-й гарадской паліклінікі, якая размясцілася ў мікрараёне Усходні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы стараліся стварыць тут вельмі добрую клініку, паліклініку будучыні. Каб тут узровень быў не горшы, чым за мяжой. І каб вы захапляліся сваімі аб'ектамі, а не нейкімі, бачачы іх па тэлевізары. Такую паліклініку мы стварылі, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - У нас падзея сімвалічная, і не толькі для Уручча і горада-героя Мінска. Адкрываем самую сучасную, самую перадавую (паліклініку. - Заўвага БЕЛТА). Так павінна быць. З кожным разам мы больш сучасныя аб'екты і аховы здароўя, і адукацыі адкрываем. І тым самым мы завяршаем фарміраванне сеткі сацыяльных устаноў гэтага мікрараёна".
Прэзідэнт адзначыў, што з мікрараёнам звязана і частка яго жыцця. "Пад'язджаючы ў гэты цудоўны куток нашай Беларусі, я падумаў аб тым працяглым перыядзе свайго жыцця, які прайшоў у гэтым мікрараёне. Тады ён быў не такі прыгожы. І, праязджаючы па гэтай дарозе, я заўсёды мэру Мінска гаварыў, што пуставаць гэты ўчастак не павінен - тут павінны жыць людзі. Таму што гэта адзін з самых прыгожых і зручных куточкаў нашага Мінска. Ён змяніўся, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Бачу, што краіна абнаўляецца. Галоўнае, што мы жывём мірна, ціха, спакойна.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць у тым, што медыцынскія паслугі ў новай паліклініцы будуць аказвацца вельмі якасныя. "На прыкладзе нашай клінікі, як у нас аказваецца першасная дапамога, мы будзем рухацца наперад і ў Беларусі. Вельмі важна на ранніх стадыях выявіць хваробу - лягчэй будзе лячыць", - адзначыў ён.
Прэзідэнт яшчэ раз павіншаваў медработнікаў, якія будуць працаваць у новай паліклініцы, і ўручыў установе сертыфікат на сучасны ўльтрагукавы дыягнастычны апарат.



Пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай новай паліклінікі. У аддзяленні жаночай кансультацыі Аляксандру Лукашэнку расказалі аб магчымасцях дыягностыкі і аказання разнапланавай дапамогі жанчынам. Прэзідэнту паказалі гінекалагічны кабінет, які абсталяваны беларускімі вытворцамі.
"Задавальняе цябе гэта?" - удакладніў Аляксандр Лукашэнка ў загадчыцы аддзялення. Паводле яе слоў, беларускае абсталяванне не выклікае нараканняў.



У цэлым гінекалагічнае аддзяленне 42-й гарадской паліклінікі мае самую сучасную медыцынскую тэхніку: апарат УГД, гістэраскоп і іншае абсталяванне. Цікавая асаблівасць, якую адзначыў і кіраўнік дзяржавы: у аддзяленні ёсць аперацыйная, што нетыпова для паліклінікі.
"Усё, што трэба для жанчын, і не толькі ў Год жанчын, але і ў будучым, пакуль я Прэзідэнт, я буду старацца рабіць, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Для жанчын трэба зрабіць усё, як вы, спецыялісты, гэта ведаеце і ўяўляеце. Вы павінны падказваць Міністэрству аховы здароўя, у якім напрамку рухацца. Для жанчын нічога не шкада ў гэтым плане".
У кантэксце размоў аб жаночым здароўі гаворка зайшла аб вакцынацыі дзяўчынак ад віруса папіломы чалавека (ВПЧ). З мінулага года ў Беларусі пачалі бясплатна вакцынаваць ад ВПЧ дзяўчынак 11 год. Дзякуючы дамоўленасцям Мінска і Пекіна ў Беларусь паступае кітайская вакцына "Цэкалін", якая мае прэкваліфікацыю СААЗ і засцерагае ад двух самых небяспечных высокаанкагенных тыпаў ВПЧ: -16 і -18. Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, наколькі гэта эфектыўная практыка. Як аказалася, вакцынацыя ад ВПЧ з'яўляецца адной з дзейсных форм прафілактыкі раку шыйкі маткі.
Далей Прэзідэнт азнаёміўся з работай рэнтгенаўскага аддзялення. Тут ёсць рэнтгенаграфічны, рэнтгенаскапічны, мамаграфічны апараты. Аляксандру Лукашэнку расказалі пра эфектыўнасць мамографаў. Рэгулярныя мамаграфічныя абследаванні даюць магчымасць выявіць рак малочнай залозы на ранніх стадыях, калі лячэнне найбольш эфектыўнае. Тым самым шанцы выратаваць жыццё жанчыны кратна павялічваюцца.



У аддзяленні медыцынскай рэабілітацыі пацыенты паліклінікі могуць аднавіць мышцы і суставы пасля розных траўмаў. У гэтым дапамагаюць і водныя працэдуры, для правядзення якіх аддзяленне абсталявана ваннай залай.
Кіраўнік дзяржавы таксама агледзеў траўматолага-хірургічнае аддзяленне. Кабінет з рэнтгенам і кабінет траўматалогіі ў паліклініцы працуюць кругласутачна. У аддзяленні ёсць і малое аперацыйнае памяшканне, дзе могуць праводзіць малаінвазіўныя аперацыі.
Урач-хірург Худайгулы Атаджанаў прыехаў у Беларусь з Туркменістана. Як аказалася, бацька маладога чалавека служыў у той жа воінскай часці, што і Аляксандр Лукашэнка. "Можа, яшчэ і са мной служыў", - адзначыў Прэзідэнт.

З нагоды адкрыцця паліклінікі Прэзідэнту падарылі скальпель, што належаў жанчыне-хірургу, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны самаахвярна праводзіла аперацыі проста на полі бою.
Аляксандр Лукашэнка даручыў перадаць падарунак у музей Палаца Незалежнасці. "Прыходзяць людзі - няхай бачаць", - сказаў ён.
"Я загадзя вам удзячны, што вы зробіце тое, аб чым я вас прасіў. Першае: не забудзеце пра жанчын. Для іх мы зробім усё: ад мамаграфіі і іншае - гэта мы ўсё зробім. І другое: не крыўдзіце з рэгіёнаў людзей", - даў наказ работнікам паліклінікі Аляксандр Лукашэнка.
