Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

29 Май 2018

Лукашэнка абмеркаваў з Лаўровым падрыхтоўку да пасяджэння ВДС

Лукашэнка абмеркаваў з Лаўровым падрыхтоўку да пасяджэння ВДС

29 мая, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў сёння на сустрэчы з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым падрыхтоўку да маючага адбыцца пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка цёпла вітаў Сяргея Лаўрова, падкрэсліўшы, што Беларусь для яго не чужая краіна. "Я ў гэтым абсалютна ўпэўнены. Прыводзіў і заўсёды прыводжу як прыклад і ўзор для ўсіх нашых ведамстваў, і беларускіх, і расійскіх, супрацоўніцтва паміж міністэрствамі замежных спраў Беларусі і Расіі. Вы заўсёды знаходзіце ўзаемаразуменне, заўсёды плануеце і выконваеце планы ў адрозненне ад многіх планаў, якія ў нас існуюць у розных, у тым ліку інтэграцыйных, структурах", - адзначыў Прэзідэнт.

"Сёння вельмі важная сустрэча - мы сустракаемся напярэдадні пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета. Нам трэба яшчэ раз абмеркаваць, магчыма, нават і дэталі гэтага мерапрыемства. Удакладніць, калі трэба, дату. У беларускага боку пакуль няма ніякіх змяненняў адносна гэтага. Калі ёсць якія-небудзь у расійскага боку пытанні, мы гатовы абмеркаваць, таму што ведаю, што вы перажываеце няпросты перыяд фарміравання і ўваходжання ў нармальны рытм работы ўрада. Гэта таксама вельмі важна момант", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, другая прычына важнасці гэтай сустрэчы ў тым, каб абмеркаваць міжнародны парадак дня і намеціць перспектывы супрацоўніцтва.

У сваю чаргу Сяргей Лаўроў перадаў у адрас кіраўніка беларускай дзяржавы прывітанне і найлепшыя пажаданні ад Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

Міністр адзначыў, што ў яго ўжо адбыліся падрабязныя перагаворы з кіраўніком МЗС Беларусі Уладзімірам Макеем. "Мы абмяркоўвалі перш за ўсё падрыхтоўку да пасяджэння ВДС. У нас пакуль няма ніякіх перашкод, якія вымушалі б мяняць падыход да гэтага мерапрыемства. Але, вядома, тыя, хто за яго непасрэдна адказвае, павінны яшчэ пацвердзіць і даты, і парадак дня. Важна, што выносіцца на зацвярджэнне вельмі сур'ёзны стратэгічны дакумент - прыярытэтныя напрамкі і далейшыя задачы развіцця Саюзнай дзяржавы да 2022 года ўключна. І, вядома ж, мы па лініі міністэрстваў замежных спраў дамовіліся трымаць пад кантролем усю работу, у якой задзейнічаны і іншыя ведамствы ўрадаў нашых краін. Разгледзелі мы і шэраг іншых пытанняў нашага ўзаемадзеяння", - дадаў Сяргей Лаўроў.

Беларуска-расійскія адносіны знаходзяцца на высокім узроўні з пункту гледжання ўсіх магчымых напрамкаў міждзяржаўнага ўзаемадзеяння: палітыкі, эканомікі, сацыяльнай сферы і культуры. Расія з'яўляецца асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі. Па выніках 2017 года тавараабарот склаў $32,4 млрд і ў параўнанні з 2016 годам павялічыўся на 23,5 працэнта. Узаемны тавараабарот за студзень-сакавік 2018 года склаў $8,4 млрд, павялічыўшыся да ўзроўню студзеня-сакавіка 2017 года на 21 працэнт. Экспарт паслуг у Расію ў 2017 годзе склаў больш як $2,9 млрд (рост амаль на 23 працэнты да ўзроўню 2016 года), імпарт паслуг з Расіі за гэты ж перыяд склаў $1,46 млрд (павелічэнне на 25,5 працэнта).

У 2017 годзе на долю Расіі прыпадала $3,7 млрд, або 38,1 працэнта агульнага аб'ёму прыцягнутых за гэты перыяд у Беларусь замежных інвестыцый. Удзельная вага прамых інвестыцый з Расіі ў агульным аб'ёме прыцягнутых у Беларусь складае 36,8 працэнта. Прыцягнута з Расіі ПЗІ на суму $2,84 млрд.

Візіт міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова ў Беларусь праходзіць 28-29 мая. У адпаведнасці з існуючай пратакольнай практыкай бакі штогод абменьваюцца рабочымі візітамі для абмеркавання комплексу беларуска-расійскіх адносін у знешнепалітычнай сферы. Акрамя перагавораў з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем, адбудзецца сустрэча Сяргея Лаўрова са студэнтамі і выкладчыкамі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі. Плануецца таксама, што ў Мінску будзе падпісана міжурадавае пагадненне аб некаторых пытаннях, звязаных з уездам замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на міжнародныя спартыўныя мерапрыемствы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі