Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

21 Стд 2020

Лукашэнка абмеркаваў з кіраўніком "Раскосмасу" сумесныя праекты ў касмічнай сферы

Лукашэнка абмеркаваў з кіраўніком
Дзмітрый Рагозін і Аляксандр Лукашэнка

21 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сёння сустрэчу з генеральным дырэктарам дзяржкарпарацыі "Раскосмас" Дзмітрыем Рагозіным. Бакі абмеркавалі рэалізацыю сумесных беларуска-расійскіх праектаў у касмічнай сферы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў разгледзець розныя напрамкі беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў касмічнай сферы, у тым ліку ў кантэксце нацыянальных праграм. "У вас праграма велізарная, і мы разглядаем удзел у ёй, мы гэта не ўтойваем. Шмат было задум, многія рэалізаваны. Але мы робім не тое што першыя крокі ў космасе, а магчымыя крокі. Дарагая рэч, але развіццё космасу - адзін з прыярытэтаў у нас, таму што гэта высокія тэхналогіі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі стараюцца развіваць сферу высокіх тэхналогій па ўсіх напрамках, па многіх з іх Расія займае лідзіруючыя пазіцыі ў свеце. "Стаўка на развіццё высокіх тэхналогій у Беларусі - прыярытэт нумар адзін, паколькі мы не збалаваныя прыроднымі рэсурсамі. Беларусь заўсёды зарабляла за кошт мазгоў і рук людзей, іх кампетэнцый, кваліфікацыі. Космас - гэта лакмусавая паперка для таго, каб ацаніць магчымасці і здольнасці той ці іншай дзяржавы, народа", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі і Расіі склалася добрая аснова для супрацоўніцтва ў гэтай сферы. Ён заявіў, што беларускі бок гатовы абмеркаваць любыя прапановы расійскіх партнёраў.

Дзмітрый Рагозін таксама лічыць, што супрацоўніцтва паміж краінамі ў касмічнай сферы развіваецца вельмі паспяхова. "Мы цесна ўзаемадзейнічаем з Акадэміяй навук Рэспублікі Беларусь, з прадпрыемствамі, - сказаў ён. - З пункту гледжання асваення рынку касмічных паслуг, я думаю, у беларускіх прадпрыемстваў ёсць велізарны патэнцыял у супрацоўніцтве з нашымі".

У час сустрэчы кіраўнік "Раскосмасу" ўручыў Аляксандру Лукашэнку невялікі сувенір - пальчатку касманаўта, які нядаўна пабываў у космасе. "Потым па сакрэце скажу, якога касманаўта, каб іншыя не зайздросцілі", - дадаў Дзмітрый Рагозін.

"Гэта ў мяне першы такі легендарны падарунак", - падзякаваў кіраўнік дзяржавы.

Вынікі сустрэчы, якая выбілася з прэзідэнцкага графіка і прадаўжалася амаль тры гадзіны, Аляксандр Лукашэнка агучыў ўжо на наступнай нарадзе. Паводле яго слоў, бакі дамовіліся развіваць кантакты ў касмічнай сферы. "Будаўніцтва атамнай станцыі, ІТ-парк, космас - гэта будучыня, гэта высокія тэхналогіі. Таму размова ішла аб развіцці сумесна з буйнейшай касмічнай дзяржавай кантактаў па ракетна-касмічным супрацоўніцтве. Нашы многія прадпрыемствы ўжо арыентаваны на гэта. Нам вельмі важны не толькі расійскі рынак, але і кантакты ў навукова-прамысловай сферы", - адзначыў ён.

Беларусь накіравала расійскім партнёрам свае прапановы, і цяпер яны павінны прапрацаваць іх. "Удалося шмат аб чым дамовіцца. Гэта былі вельмі важныя пытанні. Так атрымалася, што мы не ўклаліся ў адведзены час", - дадаў Прэзідэнт.

Асноўны комплекс работ у касмічнай галіне Беларусі забяспечваюць больш як 20 навуковых і вытворчых арганізацый. У ліпені 2012 года на арбіту быў выведзены беларускі спадарожнік, які ўвайшоў у склад Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.

Беларускі касмічны апарат і аналагічны расійскі спадарожнік "Канопус-В" нумар 1 складаюць сумесную арбітальную групоўку. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і "Раскосмас" дамовіліся пашырыць яе магчымасці за кошт рэсурсу іншых расійскіх спадарожнікаў серый "Канопус-В" і "Канопус-В-ІК".

У 2018 годзе краіны пачалі праектаваць сумесную касмічную сістэму, у складзе якой плануецца стварыць расійска-беларускі касмічны апарат. Заказчыкамі праекта сталі Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і "Раскосмас", галаўным распрацоўшчыкам - расійская карпарацыя "УНДІЭМ". Мэтавую апаратуру павінна распрацаваць беларускае прадпрыемства "Пеленг" з удзелам "Інтэграла". Характарыстыкі расійска-беларускага касмічнага апарата адпавядаюць лепшым сусветным аналагам, таму яго рэалізацыя можа мець высокі камерцыйны поспех.

Гэтыя і іншыя пытанні будуць абмеркаваны на першым пасяджэнні Міждзяржаўнага савета па космасе дзяржаў - удзельніц СНД, якое пройдзе ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 22-23 студзеня. У ім прымуць удзел дэлегацыі краін СНД, кіраўнікі касмічнай галіны Расіі, Беларусі, Казахстана, Арменіі, прадстаўнікі Выканкама СНД, Еўразійскай эканамічнай камісіі.

На парадку дня - выбранне старшыні Міждзяржаўнага савета па космасе, абмеркаванне перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва ў галіне касмічнай дзейнасці.

Савет створаны для каардынацыі дзеянняў па рэалізацыі Пагаднення аб ажыццяўленні сумеснай дзейнасці дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў у галіне даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах, падпісанага 2 лістапада 2018 года ў Казахстане.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі