Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

5 Врс 2019

Лукашэнка аб супрацоўніцтве з АБІІ: мы поўныя рашучасці выбудаваць узорныя адносіны

Лукашэнка аб супрацоўніцтве з АБІІ: мы поўныя рашучасці выбудаваць узорныя адносіны

5 верасня, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Беларусь пачынае супрацоўніцтва з Азіяцкім банкам інфраструктурных інвестыцый з чыстага ліста і мае намер выбудаваць з ім узорныя адносіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з прэзідэнтам Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый Цзінь Ліцюнем, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы адкрываем новую старонку ў нашых адносінах, і гэта старонка чыстая - з белага ліста. Там няма нічога станоўчага, таму што гэта першыя крокі, але, на шчасце, няма і нічога дрэннага, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Мы поўныя рашучасці выбудаваць адносіны так, каб гэта стала ўзорам для іншых".

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Цзінь Ліцюню за намер працаваць з Беларуссю і інвесціраваць сродкі банка ў інфраструктуру краіны. "Вы ведаеце, што Беларусь - гэта цэнтр Еўропы, гэта транзітная краіна, і для нас вельмі важны развітыя інфраструктурныя напрамкі, перш за ўсё дарожная сетка", - дадаў ён.

Беларусь становіцца важным напрамкам з-за развіцця сувязей паміж Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёнам, Кітаем і Заходняй Еўропай. "Пэўныя напрацоўкі ў нас ужо ёсць і па аўтамабільным, чыгуначным транспарце ў плане гандлёвых зносін. Таму гэта таксама павінна ўзмацняць вашу цікавасць да Беларусі, - перакананы кіраўнік дзяржавы. - У нас вельмі шмат сродкаў - і еўрапейскіх, і Сусветнага банка, і ўласных - укладзена ў развіццё дарожнай сеткі ў Беларусі. Асабліва ў сувязі з падзеямі ва Украіне, Прыбалтыцы Беларусь стала вельмі запатрабаванай".

"Ведаю, што вы сур'ёзна займаецеся пытаннямі гарадской гаспадаркі, энергетыкай - усё гэта ў Беларусі запатрабавана. Мы будзем прапаноўваць вам праекты. Калі палічыце патрэбным удзельнічаць у гэтых праектах, мы вам будзем удзячны. Тым больш што ўмовы, якія прапануе АБІІ, не горшыя, чым у міжнародных банкаў", - падзяліўся кіраўнік дзяржавы.

У якасці магчымых напрамкаў супрацоўніцтва на бліжэйшую перспектыву Прэзідэнт абазначыў у першую чаргу развіццё дарожнай сеткі, а менавіта будаўніцтва дарогі Лепель - Полацк на поўначы і Гомель - Брэст на поўдні. "Вось дзве дарогі, якія я асабіста мару пабудаваць у бліжэйшы час", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"У напрамку Полацка дарогу вы гатовы падтрымаць. Мы гатовы весці перагаворы аб умовах крэдытавання гэтай дарогі. А па другой дарозе, калі будзе цікавасць, мы таксама гатовы пагаварыць і выбраць лепшы варыянт", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

"Ведаю, што вы таксама маеце намер (і мы гэта падтрымліваем) укласціся ў інфраструктуру Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень", - прадоўжыў ён. Перспектыўным з'яўляецца таксама ўзаемадзеянне ў сферах энергетыкі, водаадвядзення, рэнавацыі жылых будынкаў. "Праблем шмат, якія трэба вырашаць калі не сёння, то заўтра. Калі вы нас у гэтым падтрымаеце, мы будзем удзячны вам і гатовы ў гэтым напрамку супрацоўнічаць, - рэзюмаваў беларускі лідар. - Я ўпэўнены, што вы, спадар Ліцюнь, добра ведаеце Беларусь, але горш не будзе, калі лепш пазнаёміцеся з сучаснай краінай і зробіце для сябе пэўныя вывады ў плане нашага далейшага супрацоўніцтва".

У сваю чаргу Цзінь Ліцюнь адзначыў, што для яго вялікі гонар прысутнічаць на гэтай сустрэчы. "У нашым банку мы ўсе ведаем, што гэта былі вашы асабістая заслуга і рашэнне далучыцца да нашага банка. Мы ўдзячны вам за магчымасць удзелу ў развіцці інфраструктуры Беларусі. З таго самага моманту, калі членства Беларусі было зацверджана ў нашым банку, мы адчувалі падтрымку і ўдзячны за яе. За два дні мы правялі мноства сустрэч з Саветам Міністраў, прадстаўнікамі банкаў, у тым ліку Банка развіцця, і я быў уражаны тым, наколькі людзі аддаюцца рабоце ў плане развіцця краіны", - сказаў ён.

Азіяцкі банк інфраструктурных інвестыцый быў заснаваны ў 2014 годзе, аперацыйную дзейнасць пачаў у студзені 2016 года. Яго ключавая мэта - пераадоленне інфраструктурных абмежаванняў эканамічнага развіцця як у Азіі, так і за яе межамі. Статутны капітал складае $100 млрд і падзелены на 1 млн акцый намінальнай вартасцю $100 тыс. кожная. Колькасць дзяржаў - членаў банка і тых, хто падаў заяўку на ўступленне, дасягнула 100. Рэгіянальныя акцыянеры валодаюць 75 працэнтамі капіталу, а нерэгіянальныя - сукупнай доляй у памеры 25 працэнтаў. Буйнейшымі акцыянерамі банка з'яўляюцца Кітай, Індыя і Расія, якія маюць долі ў памеры 29,78 працэнта, 8,37 працэнта і 6,54 працэнта адпаведна. Беларусь з'яўляецца нерэгіянальным членам банка з 17 студзеня 2019 года.

На перыяд з 2019 па 2021 год банк прапрацаваў праграмы фінансавання 64 праектаў на суму $9 млрд. Для нерэгіянальных членаў да 2021 года прадугледжана квота ў памеры прыкладна 15 працэнтаў ад агульнага аб'ёму фінансавання праектаў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі